Ёсць выдатная прыказка-калька з лацінскай мовы, якая прыпісваецца рымскаму камедыёграфу П. Тэрэнцыю, — “Quot homines, tot sententiae” (Колькі людзей, столькі і меркаванняў). У сваім варыянце яе апошнюю частку я б крыху відазмяніла на “…столькі і характараў”. Напрыклад, ёсць людзі — “лабірынты”. Яны непрадказальныя. Таму і прадугадаць, што чакае за паваротам і ў якія нетры завядуць узаемаадносіны з імі, немагчыма. Але чым складаней загадка, тым цікавейшы працэс яе разгадвання. Ёсць людзі — “феерверкі”. Дзякуючы свайму выбухному характару, ім пад сілу падараваць адчуванне свята, жыцця “на поўную катушку” і бясконцага карнавала, аж пакуль не выб’ешся з сіл.
Герой маёй публікацыі – кіраўнік аддзялення комплексу па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы РСУП “Алекшыцы” Норберт Малецкі – яўна чалавек “не флюгер”. Гэты мужчына мае свой уласны пункт гледжання адносна працоўнай дзейнасці, пэўныя прынцыпы, якімі не паступіцца, і пазіцыю, якой не здрадзіць. Ён не мяняе свайго меркавання ў залежнасці ад абставін. Паважае людзей не за тое, што яны гатовы згаджацца з ім ва ўсіх пытаннях, а за смелае і заўзятае адстойванне сваіх поглядаў. Працоўны ж калектыў нешматслоўна, але ўпэўнена сцвярджае: “Норберт Юзэфавіч – чалавек адказны і надзейны”.
Дадам, ён яшчэ і не ганарлівы. Расказвае больш пра прадпрыемства, нават не ўзгадваючы, што днямі 17 жыхароў Гродзеншчыны (у іх ліку і наш герой), за ўзорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, за шматгадовую і плённую працу ў розных галінах дзейнасці былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
— Атрымаць медаль “За працоўныя заслугі”, канешне, вельмі прыемна, — прызнаецца мой суразмоўца. — Але ў рабоце і ў жыцці кіруюся прынцыпам, які можна абазначыць так: працаваць не дзеля ўзнагарод і пашаны, намагацца жыць з пачуццём маральнай адказнасці за свае паводзіны перад акружаючымі людзьмі. Іншымі словамі, жыць у згодзе са сваім сумленнем.
Відаць, курс абраны правільны, бо на працягу некалькіх гадоў комплекс пад яго кіраўніцтвам займае перадавыя пазіцыі па вытворчасці ялавічыны не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.
Цікаўлюся ў Норберта Юзэфавіча, у чым сакрэт такого стабільнага выніку.
— У сістэматычнай, зладжанай і штодзённай дзейнасці ўсіх 66 чалавек, што працуюць у калектыве, — не вагаючыся адказвае ён. – Мы ўсе звёны аднаго ланцужка, разумеючы гэта, з адказнасцю падыходзім да сваіх абавязкаў. Наша сіла і моц – у згуртаванасці. І сёння, гаворачы пра дасягнутыя вынікі, нельга абмінуць тэму развіцця сельскай гаспадаркі ў дзевяностыя гады. Для жывёлагадоўлі, ды ўвогуле для ўсёй краіны, гэта былі надзвычайна супярэчлівыя і складаныя часы. Мне давялося іх застаць, бо якраз у 1991 годзе пасля заканчэння сельскагаспадарчага інстытута (цяпер “Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт”) я пачаў працаваць загадчыкам фермы ў вёсцы Малыя Эйсманты, а з 1998 года ўжо на дадзеным комплексе занімаў пасаду заатэхніка. Тады падтрыманне працоўнай дысцыпліны, прытрымліванне тэхналогій вытворчасці і многае іншае ў выніку дапамаглі дасягнуць намечанага. А калі сістэма працуе, то яе трэба не змяняць, а ўдасканальваць. Гэтым і займаюся. Пры тым ніколі не забываю ўсё тое, што калісьці было зроблена. А помніць трэба дзеля таго, каб больш не вярнуцца да першапачатковага.
Па словах майго суразмоўцы, галоўнае ў гэтай справе – зберагчы пераемнасць. Сёння Норберт Юзэфавіч ужо і не ўяўляе свайго жыцця без сельскай гаспадаркі. І на пытанне, ці бачыць сябе ў іншай сферы, толькі ўсміхаецца, дадаючы, “а я іншага ўжо і не ўмею”.
З дня ў дзень ён выконвае свае службовыя абавязкі, нясе адказнасць за рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных, фінансавых і кадравых рэсурсаў, за выкананне правіл унутранага распарадку, за захаванне працоўнай дысцыпліны і яшчэ шмат чаго іншага. І толькі напрыканцы дня яго галоўнай аддушынай з’яўляецца сям’я – жонка Наталля і дзеці Яраслаў ды Валерыя. Дарэчы, Наталля Паўлаўна таксама працуе ў РСУП “Алекшыцы” бухгалтарам, у вольны час захапляецца паэзіяй. Вершы яе неаднаразова публікаваліся ў раённай газеце. А некалькі гадоў таму Норберта Юзэфавіча ўвогуле захапіла нязвыклае, як для мужчыны, хобі – ландшафтны дызайн. І ў большай ступені адзін з яго элементаў – кветкі. Не дзіўна, што ўся прылеглая да комплекса тэрыторыя літаральна грае рознакаляровымі фарбамі. Да ўсёй гэтай прыгажосці прыклаў свае рукі і сэрца наш герой.
Хвіліны ляцяць, а я, задаючы апошнія пытанні, лаўлю сябе на думцы, што за такі кароткі час ты пазнаеш свайго героя куды больш, чым можаш напісаць пра яго на старонках газеты. Думаю, што імя гэтага чалавека вы пабачыце і пачуеце яшчэ не адзін раз.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара