Новы малочнатаварны комплекс “Рудаўляны” – сапраўдная надзея на будучае для СВК “Цецяроўка”. Зараз не самы лепшы час для павышэння надояў – зіма і маразы ўсё ж адбіваюцца на прадукцыйнасці. А летам надойвалі ўжо і па 18 кілаграмаў у сярэднім на карову. І гэта далёка не той паказчык, які тут жадаюць мець. Пры добрай якасці кармоў і строгім захаванні тэхналогій можна будзе атрымліваць значна больш.
Вытворчы ланцужок у жывёлагадоўлі на самай справе – складаная сістэма, якая патрабуе канкрэтнага ўкладу кожнага працаўніка. І ветэрынарная служба – неад’емнае звяно, якое стаіць на варце здароўя жывёлы. Хаця работа гэтая не такая бачная, але яна вельмі патрэбная. І добра, калі людзі, якія зрабілі яе справай свайго жыцця, нераўнадушныя да свайго паўсядзённага занятку.
Ветфельчар Іосіф Варановіч, кі скончыў у свой час Ваўкавыскі саўгастэхнікум, вярнуўся ў 1982 годзе ў свой раён маладым спецыялістам. З той пары і працуе ў СВК “Цецяроўка”. На маё пытанне, ці не шкадуе ён, што так склаўся лёс, таму што работа ў жывёлагадоўлі сапраўды нялёгкая, пажартаваў: “Каб быў прапаршчыкам, дык на пенсію ўжо пайшоў бы”. Гэта сапраўды так, але я яму запярэчыла: “У ваенных або, напрыклад, міліцыянераў свае праблемы. Паспрабуйце раскрыць злачынства. Думаеце, так проста?” З такім довадам ён адразу згадзіўся.
— Цяляты малыя таксама хварэюць, як і дзеці? – стала цікавіцца я.
— Вядома, хварэюць. У цялят, як і ў дзяцей, бываюць вострыя рэспіраторныя захворванні, гастрыты, энтэрыты.
— А як ставіце дыягназ? Жывёла ж не паскардзіцца, — пытаюся далей.
— Мераем тэмпературу, глядзім на клінічныя прыкметы захворвання, — расказвае Іосіф Іосіфавіч. – Пры рэспіраторных інфекцыях з’яўляецца кашаль, дыханне робіцца не такім, як звычайна. Увага надаецца прафілактыцы. Малыя цяляты да 30 дзён утрымліваюцца ў індывідуальных доміках, а ўжо затым у агульных– да трох месяцаў. Ім выпойваецца малодзіва, робяцца аналізы крыві.
Пацікавілася я і пра захворванні кароў, прафілактыку мастытаў і іншае. У выніку я пачула тое, што кажуць і іншыя спецыялісты. Вельмі вобразна пра здароўе жывёлы аднойчы сказаў галоўны ветурач раёна Віталій Прыходзька: “Пры незахаванні інструкцыі гарантыя не распаўсюджваецца”. А гэта значыць, што іншай парады, чым той, якой прытрымліваліся нашы дзяды — сяляне, і не прыдумана, а новае і ёсць добра забытае старое. Каб мець аддачу, жывёлу трэба як след даглядаць і карміць. Тады патрэба ў ветэрынарнай дапамозе зменшыцца. А калі разам утрымліваецца столькі кароў, неабходна строга захоўваць сучасныя тэхналогіі.
А ці не выбралі прафесію бацькі дзеці Іосіфа Іосіфавіча? Аказваецца, дынастыі яны не стварылі, але аграрнай галіне не здрадзілі. Адна дачка ўжо закончыла сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, другая вучыцца.
Не менш цікава было мне пагаварыць і з ветурачом — гінеколагам Іванам Каралём. Ён закончыў Віцебскі дзяржаўны ветэрынарны інстытут у 1974 годзе і працаваў на сваёй малой радзіме ў суседнім Свіслацкім раёне, затым пераехаў у наш. Два гады таму ездзіў на сустрэчу з выпускнікамі, некаторыя яго аднакурснікі дасягнулі “вышынь”. Прыемна было пабачыцца, успомніць маладосць. За плячыма Івана Іосіфавіча шмат гадоў практычнай работы, ён вопытны спецыяліст. Кажа, што і без сучаснага ультрагукавога дарагога апарата можна працаваць, ставіць правільныя дыягназы і эфектыўна лячыць. Шмат значаць умовы ўтрымання жывёлы. Праблемы з сучаснымі медыкаментамі няма, а гэта вельмі дапамагае ў рабоце. Працоўны дзень пачынаецца рана, зрабіць трэба шмат. Іван Іосіфавіч ужо на пенсіі, але хоча працаваць, прывык да такога рытму жыцця. А старэйшая дачка яго лінгвіст, жыве ў Германіі. Там бацька не пабываў, але сельскай гаспадаркай і ветэрынарыяй цікавіцца. Канстатуе, што поспехам нямецкіх аграрыяў можна па — добраму пазайздросціць. Там рацыянальнае гаспадаранне і многаму можна павучыцца.
Будзем спадзявацца, што новы комплекс СВК “Цецяроўка” прынясе гаспадарцы добрую аддачу.
На здымку: Іван Кароль і Іосіф Варановіч
Ніна Наддэ, фота аўтара