Новы год — з міфічнымі істотамі

Лента новостей Наши дети Образование

Падчас зімовых канікул малодшыя школьнікі Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы сталі актыўнымі ўдзельнікамі займальнай квэст-гульні “Новы год з міфічнымі істотамі”. Дамавік, Лазнік, Лесавік, Палявік, Ваструха, Хлеўнік, Злыдні, Балотнік – каб даведацца аб іх шмат цікавага, вучні наведаліся ў рэзідэнцыю Бераст-Зюзі – уладара марозаў і зімовай сцюжы.

Гаспадыня Мяцеліца запрасіла гасцей бліжэй пазнаёміцца з беларускімі народнымі персанажамі. Каб трапіць у пакоі Бераст-Зюзі і атрымаць ад яго салодкія падарункі, дзецям неабходна было выканаць заданні квэст-гульні, пераадолець усе перашкоды і скласці разбітае люстэрка Мяцеліцы. Мноства сюрпрызаў і неверагодных прыгод чакала вучняў на тэматычных пляцоўках рэзідэнцыі. На “Танцавальнай пляцоўцы” вучні пазнаёміліся з каляднымі традыцыямі і фальклорам, павесяліліся з Дамавіком. На “Ягусіным падворку” госці ўпрыгожылі ёлку рознакаляровымі мяшэчкамі з зернем і загадалі свае самыя запаветныя жаданні. Хлеўнік, Мара і Хапун запрасілі пагуляць у забаўныя рухавыя гульні. А на пляцоўцы “Прыгодніцкія іспыты” неабходна было справіцца з такімі заданнямі, як “Разблытай стужкі”, “Складзі вогнішча”, “Прыбяры хату”. Ветліва і гасцёўна сустрэў Зюзя дзяцей у сваіх пакоях, па добрай традыцыі паслухаў вершы, уручыў салодкія падарункі і запрасіў у навагодні карагод вакол прыгажуні-ёлкі.

Напрыканцы школьнікі наведалі выставу творчых работ “Самаробны цуд”. Вырабы ўразілі разнастайнасцю, прыгажосцю, фантазіяй майстроў. На памяць аб сустрэчы ў “Этнакраме” госці набылі сувеніры. Вучні з карысцю правялі час, даведаліся пра славянскіх міфічных істот, у якіх верылі нашы продкі, атрымалі багатыя ўражанні і станоўчыя эмоцыі.

Таццяна Даніловіч, настаўнік пачатковых класаў Канюхоўскага ясляў-сада –  сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *