Ужо на працягу 30 гадоў віншаванні з Днём настаўніка ў гэтыя першыя кастрычніцкія дні прымае і Алена Антонаўна Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы.
У 1987 годзе яна закончыла Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча і юнай дзяўчынай пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Вішнеўскай васьмігадовай школе. Потым яшчэ некаторы час вучыла дзяцей у Сарасекскай школе, завочна закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
3 1994 года Алена Антонаўна працуе ў Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе. Спачатку настаўніцай пачатковых класаў, а апошнія 10 гадоў – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Менавіта ў гэтай школе яна знайшла сябе, змагла рэалізавацца як прафесіянал сваёй справы. Адной з першых у раёне асвоіла тэхналогію “Крок за крокам”, цікавіцца праектнай дзейнасцю, заўсёды імкнецца шукаць інавацыйныя падыходы ў рабоце са сваімі вучнямі.
Алена Антонаўна нарадзілася і вырасла ў Канюхах, да яе ў сям’і настаўнікаў не было. Яна гаворыць, што з самага дзяцінства марыла стаць настаўніцай і быць падобнай на сваю першую настаўніцу Валянціну Міхайлаўну Панасевіч.
— Ды і не толькі на яе, — дадае Алена Антонаўна, — мне падабаліся нашы канюхоўскія настаўнікі, падабалася, як яны апранаюцца, іх паходка і тое, што яны заўсёды з дзецьмі. Памятаю, аднойчы на ўроку малявання было заданне намаляваць, кім хто хоча стаць. Я намалявала настаўніцу за сталом і з указкай. Настаўніца паглядзела на мой малюнак і сказала: “Вы ўсе ў школе хочаце быць настаўнікамі, але потым ніхто не ідзе вучыцца на настаўнікаў”. Чамусьці я гэта так запомніла, і пасля васьмі класаў па накіраванні паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча.
І цяпер я ўжо нават не ўяўляю сябе на другім месцы, у другой прафесіі. Калі пайшла працаваць завучам, мне вельмі не хапала цесных адносін з дзецьмі, якія бываюць у класных кіраўнікоў. Таму я з нецярпеннем чакаю лета, калі я працую дырэктарам лагера і кожны дзень цесна кантактую з дзецьмі.
Галоўным у прафесіі педагога Алена Будніцкая лічыць любоў да дзяцей, уменне знайсці падыход да іх, зразумець іх праблемы і радасці. А для гэтага настаўніку абавязкова патрэбна шчырасць, дабрыня і адкрытасць.
— Мне вельмі прыемна бывае, калі дзеці здалёк крычаць: “Добры дзень, Алена Антонаўна!”, бягуць да мяне, абдымаюць, дзеляцца нейкімі сваімі сакрэтамі. А яшчэ вельмі радуе, што ёсць такія вучні, якія ўжо закончылі школу, але на Дзень настаўніка ці Дзень маці прыходзяць да мяне дадому з кветкамі, віншуюць, тады сапраўды разумееш, што не дарма працавала.
Акрамя таго, што Алена Антонаўна займаецца выхаваўчай работай у сваёй установе адукацыі, яна яшчэ ва ўсіх класах вядзе ўрокі асноў бяспекі жыццядзейнасці і выкладае прадмет “Чалавек і свет” у 5 класе. Педагог шмат публікуецца ў “Настаўніцкай газеце” і часопісе “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, дзе дзеліцца з калегамі вопытам работы і метадычнымі распрацоўкамі. Дарэчы, Алена Антонаўна неаднаразова ўдзельнічала ў абласных конкурсах метадычных распрацовак і мае пэўныя дасягненні. Яе праца не застаецца незаўважанай. Алена Будніцкая ўзнагароджвалася Граматай ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, Ганаровай граматай райвыканкама, неаднаразова атрымлівала граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
А яшчэ Алена Антонаўна — дэпутат раённага Савета дэпутатаў.
Я цікаўлюся, як на ўсё ў яе хапае часу, як удаецца сумяшчаць працу і сям’ю.
— Муж не раз жартам казаў: “Можа, табе раскладушку ў кабінет прынесці, бо ты жывеш ужо ў школе”, — усміхаецца Алена Антонаўна. — Але на самай справе ён вельмі падтрымлівае мяне, і гэта важна. Муж і малодшы сын Максім клапоцяцца пра мяне і вячэру падрыхтуюць. Старэйшыя сын і дачка ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, у мяне ўжо ёсць дзве ўнучкі.
Дачка Ірына, як і я, пайшла ў педагогіку, закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і магістратуру, яна настаўнік замежнай мовы. Сям’я для мяне таксама вельмі важная каштоўнасць, я не стаўлю працу вышэй за яе. Калі выпадае вольная хвілінка, люблю займацца выпечкай, каб парадаваць сваіх мужчын, у нядзелю сям’ёй едзем у царкву, у госці да старэйшых дзяцей. Стараюся прывіваць сваім дзецям любоў да працы, гэтаму вучу і сваіх вучняў. Я лічу вельмі важным выхаваць кожнае дзіця чалавекам, які зможа рэалізаваць сябе ў далейшым жыцці, стаць паспяховым не толькі для сябе і для грамадства.
Шчаслівы той чалавек, які раніцай з ахвотай ідзе на працу, а вечарам з радасцю спяшаецца дадому. Гледзячы, як гараць вочы у Алены Антонаўны, калі яна расказвае пра сваю працу і пра сваю сям’ю, можна не сумнявацца, што гэты прынцып у яе жыцці дзейнічае.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара