Гэта было неверагодна ярка і цікава, — расказвае Таццяна Марцішэвіч, дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага. – А самае галоўнае, што ўсё святкаванне напрамую было звязана з галоўнай гераіняй урачыстасці – кнігай. І мы – супрацоўнікі бібліятэкі — ну проста не маглі не прыехаць у Слонім на такую знамянальную падзею.
Сярод бібліятэчных падворкаў з усёй вобласці, якія насілі агульную назву “Вясёлка дабра”, была пляцоўка і Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага. Ярка і арыгінальна аформлены падворак сабіраў вакол сябе шмат зацікаўленых сланімчан і гасцей свята, і нездарма – паглядзець там сапраўды было на што! Фішкай пляцоўкі стала выстава карцін бераставіцкага мастака Мікалая Жлабовіча: тут і партрэты, і нацюрморты, і шыкоўныя краявіды, і замалёўкі бытавога жыцця. А галоўнае – ўсе яны напоўнены шчырасцю, радасцю і пазітывам.
Шмат цікавіліся і любаваліся на падворку бераставічан і фотавыставай “Бераставіччына літаратурная”, на якой сабраны цудоўныя фотаздымкі нашай малой Радзімы.
Маленькім гасцям свята на падворку было не менш цікава: цешыла іх і роставая лялька ў касцюме вавёркі, якая частавала ўсіх гасцей арэшкамі, аматарам яркіх фарбаў прапаноўвалі нанесці маляўнічы аква-грым, паразмалёўваць прыгожыя вырабы з цеста або пакатацца на машынцы.
Як адзначыла Таццяна Марцішэвіч, на іх пляцоўцы ўвесь час было мнагалюдна і весела, а гэта значыць, што бераставічане змаглі знайсці водгукі ў сэрцах удзельнікаў свята і пакінулі за сабой прыемныя ўражанні.
Анжаліка Дудко