“Непрыкметны герой” СВК “Алекшыцы”

Лента новостей

Без перабольшвання можна сказаць, што малако зараз сапраўды робіцца нашым важнейшым нацыянальным прадуктам. У нас няма багатых прыродных выкапняў, але ёсць шмат працавітых людзей, сапраўдных майстроў сваёй справы. Традыцыйны сялянскі занятак – вытворчасць малака, набывае новае значэнне, калі ў рэспубліцы пастаўлена важная і актуальная задача перавышэння экспарту перад імпартам, павышэння ўзроўню жыцця людзей. Па даных Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь за 1 квартал гэтага года ў структуры экспарту сельгаспрадукцыя і прадукты харчавання займалі 13,3 працэнта, саступаючы толькі мінеральным прадуктам (угнаенні і іншае). Мы ўсе будзем багацейшымі, калі айчынная жывёлагадоўля будзе дынамічна развівацца. Новыя малочнатаварныя комплексы прызваны павялічыць выпуск сыравіны, аптымізаваць працэс, а таксама знізіць выдаткі. І нашым землякам удаецца дастойна выглядаць у параўнанні з іншымі аграрыямі ў краіне. Далейшае раскрыццё генетычнага патэнцыялу жывёлы прадстаўляе для гэтага выдатныя магчымасці. А па выніках мінулага года СВК “Алекшыцы” заняў першае месца ў спаборніцтве сярод сельгасарганізацый рэспублікі, якія спецыялі­зуюцца на вытворчасці малака, а таксама трэцяе — па вытворчасці ялавічыны. Гэта значная працоўная перамога. Па даных газеты “Белорусская нива”, у многіх гаспадарках краіны сярэднясутачны надой ад каровы складае і 8 кілаграмаў, і нават менш. Быў зусім сумны “антырэкорд” – 2 кілаграмы, але тую адсталую ферму расфарміравалі.
У СВК “Алекшыцы” за мінулы год надой на карову без уліку пяршачак дасягнуў 8 тысяч 12 кілаграмаў. За 7 месяцаў летась было 4 тысячы 735 кілаграмаў, за такі ж перыяд гэтага года 4 тысячы 754 кілаграмы. Так што рост ёсць, і аграрыі стараюцца перавысіць ўласны рэкорд.
А сярэднясутачная пры­ва­га па комплексе па да­рошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы ў мінулым годзе была 1 кілаграм 22 гра­мы, на адкорме – 1 кіла­грам 126 грамаў. За 7 ме­сяцаў летась паказчык быў па комплексе – 1 кіла­грам ­­ 25 грамаў, на адкорме – 1 кіла­грам 127 грамаў, за такі ж час 2013 года па комплексе дасягнуў 1 кілаграма 29 гра­маў, а на адкорме – 1 кіла­грама 128 грамаў. Можна шчыра парадавацца за нашых землякоў.
На малочнатаварным комп­лексе “Алекшыцы” ўста­ноўлена чэшскае даільнае абсталяванне. У Чэхіі развітая малочная жывёлагадоўля, і ў час апошняга рэспубліканскага семінара, які прайшоў на базе СВК імя Варанецкага, мне давялося паслухаць выступленне і пагутарыць самой з менеджарам вядомай фірмы “Шауман” Янам Роўсекам з гэтай краіны. Ён расказаў шмат цікавага, даваў аграрыям Бераставіцкага і Гродзенскага раёнаў кансультацыі па доглядзе, кармленні і даенні буйной рагатай жывёлы, і нашым жывёлаводам было чаму павучыцца. У Еўрасаюзе патрабаванні да якасці сыравіны больш жорсткія, напрыклад, да ўтрымання саматычных клетак у малацэ. Наш гатунак “экстра” яшчэ толькі набліжаецца да аналагічнага чэшскага. А за даільным абсталяваннем таксама трэба вельмі добра сачыць, каб яно доўга служыла. І не толькі для такой мэты, але і для таго, каб каровы былі здаровыя, каб іх правільна даілі. А гэта на сённяшні дзень – цэлая навука, і па­трабаванняў трэба строга прытрымлівацца, каб мець як мага большую выгаду, да чаго імкнуцца як замежныя, так і айчынныя вытворцы.
А расказаць пра “непрык­метнага героя” ў такім важ­ным вытворчым працэсе, з якім нядаўна давялося пазнаёміцца, парэ­камендаваў мне старшыня СВК “Алекшыцы” Валерый Паўлюкевіч.
Слесар па абслугоўванні даільнага абсталявання Іван Васіленя мае прафесійную адукацыю, закончыў Іўеўскае прафтэхвучылішча, любіць тэхніку, добра разбіраецца ў сельгасмашынах. Авалодаў і спецыфікай у новым для сябе занятку, спраўляецца выдатна. Чалавек ён адказны. Працоўны дзень яго пачынаецца з чатырох гадзін ранку. І ў летнюю спёку, і ў зімовы мароз гэты работнік займаецца прамыўкай, дэзінфекцыяй даільнага абсталявання. Работа аўтаматызавана, але без удзелу чалавека не абыходзіцца ніякая тэхніка. Ён устанаўлівае фільтры, правярае вакуумныя помпы. Чысціня даільнай залы таксама ў полі яго зроку. Апошняя, трэцяя дойка, заканчваецца ў 23 гадзіны. Ужо два з паловай гады працуе слесар у такім напружаным тэмпе. У яго ёсць напарнік, праз два дні яны мяняюцца. Работа гэтых людзей вельмі важная для гаспадаркі.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *