На экскурсію ў бераставіцкую бібліятэку

Лента новостей

PНаведваючы Вялікую Бераставіцу, турыстам абавязкова трэба завітаць у раённую бібліятэку імя В.М.Кавалеўскага. Тут можна зрабіць невялічкі экскурс у гісторыю нашага мястэчка, акунуцца ў сівую даўніну праз мастацкія палотны і фотаілюстрацыі. Трэба адзначыць, што такая практыка тут усё больш укараняецца. Падрабязней пра экскурсійную дзейнасць Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага я гутару з яе дырэктарам Таццянай Марцішэвіч.

– Таццяна Дзмітрыеўна, у сувязі з чым узнікла ідэя ра­зам з асноўнай бібліятэчнай дзейнасцю займацца яшчэ і экскурсійнай?
– Гэта ўкаранялася паступова: са з’яўленнем у бібліятэцы кутка, прысвечанага Восіпу Міхайлавічу Кавалеўскаму, чыё імя носіць установа, партрэтнай галерэі нашых знакамітых землякоў, выставы “Фотаімгненні для нашчадкаў” і іншых экспазіцый. У райбібліятэку запрашалі гасцей-удзельнікаў розных семінараў. Даводзілася знаёміць іх з гісторыяй нашага мястэчка, расказваць пра цікавыя факты і асобы, якія вызначыліся сваёй дзейнасцю. Часта знаёмства школьнікаў з бібліятэкай перарастала ў своеасаблівыя гістарычныя лекцыі. Вось так, з цягам часу, падобныя сустрэчы аформіліся ў экскурсійную паслугу. Тым больш, што непасрэдная дзейнасць бібліятэкі цесна звязана з назапашваннем краязнаўчага матэрыялу і прапагандай гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны роднага краю. Ну, а плата за Pэкскурсіі, зразумела ж, сімвалічная.
– Наколькі сёння папулярныя экскурсіі ў бібліятэку?
– За бягучы год, напрыклад, было праве­дзена 16 экскурсій. Най­большым попытам карыстаецца экскурсія пад назвай “Завочная ван­д­роўка ў мінулае”. Аднак бібліятэкары праводзяць цэлы цыкл экскурсійных сустрэч па тэмах “Славуты зямляк бераста­віцкага краю В.М.Ка­валеўскі”, “Мінулае бераста­віцкай зямлі ў партрэтах і фота­здымках”, “Страчаная спадчына Бераставіччыны”, “Сакральная архітэктура бераставіцкага краю”, “Уладальнікі Вялікай Бераставіцы”, “З гісторыі вуліц мястэчка Вялікая Бераставіца”, “Фотаімгненні для нашчадкаў”.
– Для каго ўжо праводзіліся экскурсіі?
– Гэта, найперш, вучні Вялікабераставіцкай СШ і іншых устаноў адукацыі, навучэнцы Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя і наведвальнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна, працаўнікі РЭСа.
– Таццяна Дзмітрыеўна, экскур­сійная дзейнасць, на­колькі я разумею, спрыяе ў дзейнасці бібліятэкі па прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны Бераставіччыны?
– Безумоўна. Тым больш, што часта мы праводзім іх сумесна з іншымі краязнаўчымі мерапрыемствамі. У гэтым сэнсе адметнымі сталі гісторыка-краязнаўчыя рандэву да 260-годдзя з часу надання Вялікай Бераставіцы Магдэбурскага права з гербам “Вавёрка” і да 400-годдзя з часу асвячэння помніка архітэктуры позняга барока, касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы, а таксама прэзентацыя гістарычных паштовак мастака-краязнаўцы Андрэя Втарушына.
Сёння цікавасць у навед­вальнікаў выклікаюць кніжна-ілюстра­цыйная кампазіцыя “Бераста­віччына: людзі, падзеі, час” у чытальнай зале раённай бібліятэкі і выставы фотаздымкаў 20-21 стагоддзяў “Бераставіцкі край у аб’ектыве часу” і “Летапіс Бераставіцкай раённай бібліятэкі ў фотаздымках”.
2015 год падыходзіць да заканчэння. У наступным годзе будуць адзначацца 400-годдзе з дня нараджэння апошняга ўладальніка Вялікай Бераставіцы з роду Хадкевічаў Яна Казіміра, 355-годдзе з пачатку валодання мястэчка Бераставіца Мнішкамі – польскім магнацкім родам, 245-годдзе з дня нараджэння Юзафа Дамініка Касакоўскага, які пабудаваў першы мураваны палац у Бераставіцы, і шэраг іншых юбілейных дат. І, канешне ж, пры правядзенні сваіх экскурсій мы будзем больш падрабязна знаёміць наведвальнікаў з дзейнасцю знакамітых асоб-юбіляраў ці з юбілейнымі гістарычнымі падзеямі.
Хацелася адзначыць, што краязнаўчая дзейнасць бібліятэкі ўключае таксама падрыхтоўку супрацоўнікамі аддзела абслугоў­вання і інфармацыі выдан­няў “Краязнаўчы каляндар Бераста­віччыны”, а таксама бібліягра­фічных паказальнікаў літаратуры і гістарычных нарысаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці славутых землякоў і асобным падзеям роднага краю.
Гутарыла
Святлана Ганчарова,
фота з архіва райбібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *