Цёплае сухое надвор’е, якое стаяла ў пачатку тыдня, максімальна стараліся выкарыстаць усе тыя, хто закладвае ў гэтыя дні аснову будучага ўраджаю. Сіноптыкі папярэджвалі, што з сярэдзіны тыдня прыйдуць дажджы, а значыць – тэмпы палявых работ непазбежна знізяцца.
У СВК “Пархімаўцы”, прызнаюся, для мяне гэта было адкрыццём, сяўба азімых арганізавана ў дзве змены. Сучасная высокапрадукцыйная тэхніка, такая як трактар John Deere, як заўважыў у нашай размове галоўны аграном гаспадаркі Яўген Сухоцкі, дазваляе без праблем праводзіць сяўбу і ў начны час. Вадзіцелі, занятыя на падвозцы зерня, і механізатары працуюць пазменна. Мы сустрэліся з галоўным аграномам на полі, што раскінулася побач з вёскай Леснявічы. Тут акурат заставаўся невялічкі кавалак, незасеяны азімай пшаніцай. Пасяўны агрэгат спыніўся на ўскрайку поля, да яго адразу пад’ехала “заправачная” машына, і з шырокага брызентавага рукава насенне пасыпалася ў прыёмны бункер сеялкі Amazone, якую, дарэчы, напярэдадні з-за ўзнікшай няспраўнасці аператыўна наладзілі прадстаўнікі фірмы.
— Крыху не хапіла,- удакладніў, падышоўшы да мяне і паказваючы рукой туды, дзе сыпалася насенне, Аляксандр Карпуць (на здымку), вопытны, паважаны ў гаспадарцы механізатар, якому, мабыць, нездарма даверылі такую складаную тэхніку.
Хацелася б адзначыць, што ён за доўгія гады работы ў гаспадарцы не толькі на сяўбе паказвае свой майстар-клас. А майстэрства, памножанае на любоў да тэхнікі, клапатлівыя адносіны да яе, якраз і даюць тыя вынікі, аб якіх пойдзе гаворка ніжэй.
— І колькі, — цікаўлюся — можаце за дзень пасеяць?
— Рэкорд быў нядаўна на сяўбе рапсу,- гаворыць Аляксандр. – За адзін дзень, вядома, дзякуючы спрыяльным умовам, удалося засеяць 56 гектараў. Са збожжавымі столькі не выходзіць, часцей запраўляцца даводзіцца, ды і ўвогуле, многае залежыць ад падрыхтоўкі поля пад сяўбу, ад стану самой глебы. А так, у сярэднім гектараў па 30 з лішнім атрымліваецца.
Пакуль мы размаўлялі, пад’ехала машына з абедамі. Гэта значыць, што наперадзе яшчэ заставалася цэлая палова дзённай змены, а на рахунку Аляксандра ўжо было больш за 15 засеяных азімай пшаніцай гектараў. Далей шлях пасяўнога экіпажу павінен быў пралегчы ў Пархімаўцы.
З размовы з галоўным аграномам Яўгенам Сухоцкім даведаўся, што ўсяго ў сельгаскааператыве сёлета пад азімую сяўбу збожжавых адведзена адна тысяча гектараў, з якіх ужо на 100 пасеяны азімы ячмень і на 240 – пшаніца. Настала чарга трыцікале. Пад рапс было вызначана 350 гектараў, прычым, 200 запланавана на зерне і 150 – на зялёны корм.
Дарэчы, у гэтым годзе СВК “Пархімаўцы” падчас уборкі займаў адно з вядучых месцаў у раённай зводцы па ўраджайнасці і ў выніку тут атрымалі больш за 60 цэнтнераў збожжавых з кожнага гектара. Хацелася б пажадаць земляробам гаспадаркі, каб і ў наступным годзе вынікі былі такімі ж важкімі.
Сяргей Хілюта, фота аўтара