На фасадзе школы – “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Бераставіцы”

Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей

Распачатая ў мінулым годзе работа па роспісу фасадаў будынкаў г. п. В. Бераставіца ат­ры­­мала свой працяг. На фасадзе Вялі­кабе­раставіцкай сярэдняй школы з’явілася “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Берас­тавіцы” і сваімі яркімі фарбамі ажывіла мясцовы пейзаж.

Нагадаем, роспіс сцяны праводзіўся ў рамках абласнога праекта, які рэалізуецца на Гро­дзеншчыне з мэтай паспрыяць турыстычнай прывабнасці населеных пунктаў рэгіёну. На фасадах многіх будынкаў абласнога і раённых цэнтраў з’явіліся сюжэты знакавых гістарычных падзей, самабытных традыцый, партрэты вядомых гістарычных асоб. У Вялікай Бераставіцы першай такой паспяховай спробай стала выява палаца Касакоўскіх на сцяне дома №1 па вуліцы Савецкай работы свіслацкага мастака Сяргея Сыраежкі.


Сяргей Мікалаевіч ажыццявіў чарговы мастацкі роспіс фасада ў нашым гарпасёлку – на будынку школы. А эскіз новай гістарычнай кампазіцыі стварыў мясцовы краязнаўца, мастак-афарміцель Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага Андрэй Втарушын.
– Роспіс на тэму “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Бераставіцы” прысвечаны пяці ўладальнікам нашага мястэчка на працягу XV-XX стагоддзяў, – расказвае пра канцэпцыю малюнка на фасадзе Андрэй Францавіч. – Гэта вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелон, графы Хадкевічы, Мнішкі, Патоцкія і Касакоўскія. Партрэты прадстаўнікоў кожнага роду ўпрыгожваюць “галіны дрэва”. Гэта людзі, якія паўплывалі на развіццё гісторыі і культуры Вялікай Бераставіцы.


Напачатку бераставіцкая зямля знаходзілася ва ўладанні князя літоўскага і караля польскага Аляксандра Ягелона (1461-1506). Затым, у 1506 годзе, была перададзена за верную і самаадданую службу Аляксандру Іванавічу Хадкевічу (1475-1549) – дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ, маршалаку гаспадарскаму, ваяводзе навагрудскаму, старасце брэсцкаму. Хадкевіч атрымаў вядомасць як фундатар царквы-крэпасці ў Супраслі, дзе працавала буйнейшая ў XVII-XIX стст. друкарня на Беларусі.


Паспрыяў ўзвышэнню Вялікай Бераставіцы ў сярэдзіне XVIII ст. Ежы Аўгуст Мнішак (1715-1778) – маршалак надворны каронны, кашталян кракаўскі.
Ён быў трэцім сярод чатырох уладальнікаў Вялікай Бераставіцы з роду Мнішкаў і ініцыятарам надання мястэчку Магдэбургскага права, фундаваў будаўніцтва бераставіцкай ратушы, завяршыў аднаўленне старажытнага касцёла Звеставання Панны Марыі. Дзякуючы Ежы Аўгусту Вялікая Бераставіца стала гандлёвым цэнтрам на шляху Гродна-Крынкі, Ваўкавыск-Беласток.


Дачка Ежы Аўгуста Мнішка Юзэфіна Амелія (1752-1798) ўвайшла ў гісторыю Рэчы Паспалітай пад імем графіні Патоцкай як статс-дама рускага двара імператрыцы Кацярыны ІІ, польская мастачка і пісьменніца-аматар. Яна з’яўляецца першай жанчынай-уладальніцай Вялікай Бераставіцы з роду Мнішкаў-Патоцкіх. Бераставічанам Юзэфіна Патоцкая вядома ў вобразе вавёркі на гарадскім гербе Вялікай Бераставіцы і як фундатарка шпіталя для хворых і ўбогіх імя Святога Яна Божага пры старажытным касцёле Звеставання Панны Марыі ў 1793 годзе.


Вайсковы дзеяч ВКЛ, палкоўнік 3-га пяхотнага палка, камандор Мальтыйскі Юзаф Дамінік Касакоўскі (1771-1840) – першы ўладальнік Вялікай Бераставіцы з роду Касакоўскіх, заснавальнік бераставіцкай галіны гэтага роду. Ён вядомы як фундатар першага мураванага палаца ў Вялікай Бераставіцы, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі і напалеонаўскай кампаніі 1812 года.

Каля “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Бераставіцы” намаляваны персанажы раённага свята “Бераст-Фэсту” Бераст і Тавіца ў народным строі. Фон “Дрэва” напоўнены захаванай архітэктурнай спадчынай Вялікай Бераставіцы. Гэта ратуша, музей Вавёркі, царква, стары і новы касцёлы.


Вось пра што расказвае нам роспіс на фасадзе. Хочацца верыць, што ён стане для бераставічан матывацыяй звярнуцца да гісторыі роднага краю.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *