На сцэне Бераставіцкага раённага Дома культуры выступілі артысты Гродзенскай абласной філармоніі з праграмай «Праз усе войны»

Лента новостей

5231«Праз усе войны» ­– так называлася канцэртная праграма, з якой у пятніцу, 17 ліпеня, на сцэне раённага Дома культуры выступілі артысты Гродзенскай абласной філармоніі. Высокапрафесійнае і пранікнёнае выступленне вакалістаў і інструменталістаў у суправаджэнні эстрадна-сімфанічнага аркестра пакінула ў бераставічан яркія незабыўныя ўражанні.

Вялікая Бераставіца стала трынаццатай у спісе населеных пунктаў Гродзеншчыны, дзе з тэматычнай праграмай, прымеркаванай да 70-годдзя Вялікай Перамогі, пабывалі артысты ў гэтым годзе. І, трэба адзначыць, канцэрт прайшоў паспяхова. Эмацыянальны ўздым, душэўнасць і шчырасць, увасобленыя ў выступленнях гродзенскіх музыкантаў і спевакоў, знайшлі водгук у сэрцах гледачоў, а некаторыя песенныя творы нават кранулі да слёз.
Гэта і не дзіўна. Песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі, выкананыя артыстамі абласной філармоніі, прысвячаліся трагічным падзеям і гераічнаму подзвігу народа. Падобныя творы заўсёды выклікаюць у гледачоў асаблівыя пачуцці, паколькі нагадваюць пра страшныя ваенныя гады, пра шматпакутныя страты, пра сілу духу і волі нашых землякоў, якім давялося адчуць увесь жах вайны. А калі выступленне яшчэ і высокапрафесійнае, яно пакідае моцныя ўражанні і кранае самые глыбокія душэўныя струны. Гродзенскім артыстам гэта ўдалося зрабіць.
Аснову праграмы складалі вядомыя кампазіцыі ваенных гадоў, песні пра родны край на музыку Уладзіміра Мулявіна і гродзенскіх аўтараў Валерыя Кручкова і Барыса Мягкова (мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора эстрадна-сімфанічнага аркестра). Гучалі таксама народныя, класічныя і эстрадныя творы.
Салісты музычнага тэатра і пра­дзюсарскага цэнтра А.Аўдзейчык, Ю.Касак, А.Зубкоўская, Н.Іванова, К.Бучылка, Т.Бейма, В.Горбач, Ж.Еўтух, Т.Краснік, А.Кісялеўская, П.Ракуць, А.Казакевіч, Р.Лавыш і эстрадна-сімфанічны аркестр філармоніі падрыхтавалі выдатную праграму, прысвечаную 70-годдзю Вялікай Перамогі і 71-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Канцэрт стаў прыемным падарункам усім бераставічанам да Дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *