На справаздачным сходзе ў СВК “Цецяроўка” падвялі вынікі работы

Лента новостей

Справаздачны сход у гаспадарках – своеасаблівы вынік напружанай і планамернай работы, калі ў лічбах, як у люстэрку, адлюстроўваецца ўсё тое, што ўдалося зрабіць за год. У час такіх сустрэч акрэсліваюцца таксама задачы на будучае. У СВК “Цецяроўка” сход быў адметны і тым, што старшыня Віктар Піўко, які праявіў сябе дасведчаным кіраўніком, пакінуў родную гаспадарку, таму што пераходзіць на іншае месца работы. Выконвае абавязкі старшыні зараз Аляксандр Зайко.

Тут не вельмі ўрадлівая зямля, таму атрымліваць высокія ўраджаі няпроста. Аднак нават у такіх умовах пры павышэнні культуры земляробства, правільных севазваротах, дастатковым унясенні арганічных і мінеральных угнаенняў, выкарыстанні перспектыўных гатункаў збожжавых удаецца да­бівацца нядрэнных вынікаў у параўнанні з многімі іншымі гаспадаркамі рэс­публікі. Так, валавы збор збожжа з кукурузай ў вазе пасля дапрацоўкі ў сельгаскааператыве склаў 16628 тон, што на 1,2 працэнта больш, чым у 2011 годзе.
Больш чым напалову тут павялічылі валавы збор цукровых буракоў – 17500 тон пры ўраджайнасці 583 цэнтнеры з гектара, і амаль на 60 працэнтаў бульбы – 1318 тон пры ўраджайнасці 263. Парадаваў рапс, яго атрымалі больш чым удвая – 721 тону. На 6 працэнтаў больш нарыхтавалі кармоў, на адну ўмоўную галаву атрымалася 26,4 цэнтнера кармавых адзінак. Сярэдні надой на карову павялічыўся на 8 працэнтаў і дасягнуў 5664 кілаграмы. Вядома, гэта ў параўнанні з лепшымі гаспадаркамі раёна не так многа, але калі ўлічыць, што амаль у паловы сельгаскааператываў у рэспубліцы такі паказчык знаходзіцца на ўзроўні прыкладна чатырох тысяч, дык можна адзначыць, што база для далейшага развіцця тут створана.
У СВК “Цецяроўка” ўка­раняюцца новыя тэхналогіі, аддача потым будзе яшчэ большая. Калі меркаваць па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, дык яна за мінулы год узрасла ў параўнанні з 2011 больш чым на 45 мільярдаў рублёў і дасягнула 98,9 мільярда. Ад прадукцыі раслінаводства атрымалі 94 мільярды (плюс 5,3 мільярда), ад жывёлагадоўлі 79,9 (плюс 39,9 мільярда). Выручка ад продажу свініны ўзрасла ў параўнанні з пазамінулым годам на 20 мільярдаў рублёў і дасягнула амаль 50 мільярдаў. Ад рэалізацыі мяса буйной рагатай жывёлы атрымалі на 6 мільярдаў рублёў больш. Выручка склала амаль 11 мільярдаў рублёў.
У два разы ўзрос прыбытак ад рэалізацыі пра­дукцыі, работ і паслуг. Чысты прыбытак перавысіў 18 мільярдаў рублёў. Прыкладна на 2 мільёны рублёў узрасла за мінулы год сярэдняя зарплата.
Гаспадарка працягвае работу па нарошчванні выпуску прадукцыі. На гэты год узяты абавязацельствы атрымаць збожжа з кукурузай у вазе пасля дапрацоўкі 18919 тон (плюс 2291 тона), цукровых буракоў — 20470 тон (плюс 2970 тон), рапсу – 808 тон (плюс 87 тон). Ад каровы плануюць надаіць на 190 кілаграмаў малака больш, сярэднясутачную прывагу буйной рагатай жывёлы павысіць на 31 грам, свіней – на 12 грамаў.
Каб забяспечыць патрэбы жывёлагадоўлі якаснымі кармамі, пастараюцца нарыхтаваць больш сенажу і сена.
Бліжэйшая задача – у сціслы тэрмін правесці веснавыя палявыя работы і сяўбу.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *