На Савецкім участку №3 у Вялікай Бераставіцы працэс галасавання праходзіць спакойна і арганізавана. Выбаршчыкі ў гэтую электаральную кампанію дэманструюць дастаткова высокую яўку, таму што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – важнае палітычнае мерапрыемства, ад якога залежыць будучыня краіны.
Нямала людзей прыйшло прагаласаваць у ранішнія гадзіны, адразу пасля адкрыцця ўчастка. Больш ажыўлена стала бліжэй да абеду. Хтосьці паспяшыў прагаласаваць і адначасова трапіць на канцэрт народнага ансамбля народнай песні «Бераставіцкія музыкі», які адбыўся на ганку Дома культуры.
– Работа выбарчай камісіі праходзіць у строгай адпаведнасці з заканадаўствам, – гаворыць старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Віталь Ляховіч. – Па заяўках члены камісіі наведваюць выбаршчыкаў на даму. Кожны член камісіі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, антысептыкамі. Такія ж меры бяспекі мы прадугледзелі і для тых, хто галасуе.
Выбаршчыкі прыходзяць на ўчастак для галасавання сем’ямі, з маленькімі дзяцьмі, якім, безумоўна, цікава паназіраць за працэсам і купіць прысмакі ў буфеце. Ёсць і тыя, хто нягледзячы на паважаны ўзрост, наведвае ўчастак самастойна, таму што для людзей старэйшага пакалення выбары – гэта не толькі выкананне грамадзянскага абавязку, але і сапраўднае свята.
Леон Іванавіч і Зоя Віктараўна Жытко прыйшлі прагаласаваць у асноўны дзень правядзення выбараў.
– Выбары для нас – адказная падзея. Лічым важным аддаць свой голас у падтрымку стабільнасці ў грамадстве, праяўлення клопату аб моладзі і пенсіянерах, далейшага развіцця нашай дзяржавы.
Сярод выбаршчыкаў Савецкага ўчастка для галасавання нямала маладых, якія сёлета галасуюць упершыню. Старшыня выбарчай камісіі асабіста павіншаваў іх з такой важнай падзеяй і ўручыў на памяць сувенірную прадукцыю.
Бераставічанка Надзея Рыгосік, студэнтка 3-га курса Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, упершыню бярэ ўдзел у выбарах.
– Удзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для мяне вельмі хвалююча. Я ўпершыню скарысталася сваім выбарчым правам, і цяпер мой голас зможа паўплываць на правільнасць выбару. Адчуваю сваё дачыненне да жыцця грамадства і спадзяюся на тое, што наша краіна і далей будзе трымаць курс на развіццё і росквіт.
На ўчастку ажыццяўлялі сваю дзейнасць назіральнікі ад грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Ала Лагада чацвёрты раз прадстаўляе Бераставіцкую раённую арганізацыю ветэранаў.
– Працэс галасавання на Савецкім участку праходзіць сумленна, празрыста, у адпаведнасці з заканадаўствам, – кажа Ала Іванаўна.– Парушэнняў не выяўлена, створаны ўсе ўмовы для камфортнага галасавання выбаршчыкаў, а праца членаў выбарчай камісіі наладжана на высокім узроўні.
У фае Дома культуры, дзе размешчаны Савецкі ўчастак, традыцыйна працуе буфет Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства, вядзецца продаж харчовых тавараў без нацэнкі. Можна падсілкавацца гарачай гарбатай і кавай, пры жаданні разагрэць ежу хуткага прыгатавання, выпечку ў мікрахвалевай печы, набыць прысмакі.
Святлана Ганчарова, фота аўтара