На рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011” пабывала і дэлегацыя з Бераставіцкага раёна

Лента новостей

Рэспубліканскі фестываль — кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі -2011” прайшоў 30 верасня – 1 кастрычніка ў горадзе Маладзечна Мінскай вобласці. Ужо 15 гадоў у нашай краіне праводзіцца такое мерапрыемства і стала добрай традыцыяй. Рэспубліканскія “Дажынкі” праходзілі ў Століне, Мастах, Няс-віжы, Шклове, Мозыры, Полацку, Пружанах, Ваўкавыску, Слуцку, Бабруйску, Рэчыцы, Оршы, Кобрыне, Лідзе.

Вяскоўцы вырасцілі багаты ўраджай – больш за 8 мільёнаў тон збожжа.Наша вобласць у лідарах. Гэта развіты сельскагаспадарчы рэгіён рэспублікі. Хлебаробы Гродзеншчыны намалацілі 1 мільён 397,5 тысячы тон збожжа. Ураджайнасць склала 42,4 цэнтнера з гектара. А сярод гаспадарак лепшая на Гродзеншчыне – СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна – 86,1. У тройцы лідараў таксама СВК “Прагрэс – Верцялішкі” – 84,8 цэнтнера з гектара і СВК імя Варанецкага – 84,2.
Вадзіцель СВК імя Варанецкага Васіль Легашчоў  разам з іншымі гасцямі з нашага раёна пабываў у Маладзечна. Цікавы лёс гэтага чалавека. Некалі юнаком яшчэ разам з бацькамі ён пераехаў з Расійскай Федэрацыі на нашу гасцінную бераставіцкую зямлю, якой і аддае зараз усе свае сілы і старанне. І яна шчодра аддзячвае яму за добрасумленнасць і руплівасць. Два сыны Васіля Пятровіча таксама выбралі прафесію бацькі. Ад майстэрства вадзіцеляў залежыць зладжанасць уборачнага канвеера на жніве. Машынай “ГАЗ – САЗ 4509” Васіль Легашчоў перавёз 2 тысячы 970 тон збожжа.
— Мяне ўзнагародзілі Ганаровым дыпломам і камп’ютарам, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад рэспубліканскага свята Васіль Пятровіч. – Маладзечна вельмі прыгожы горад, яго добра падрыхтавалі да свята. Нас сустракалі апладысментамі, мы прайшлі маршам па цэнтральных вуліцах. Прыемна, што Прэзідэнт клапоціцца пра працаўнікоў сельскай гаспадаркі, наш уклад не застаецца незаўважаным. Вельмі спадабалася нам таксама і святочная праграма.
Такія ж прыемныя ўражанні і галоўнага агранома РУСП “Масаляны” Сяргея Калесніка:
— З рук Прэзідэнта я атрымаў Ганаровы дыплом і грашовую прэмію,— гаворыць ён. – Нас вельмі добра прынялі. Горад аднавіўся, прыгожы і ўтульны. Свята было ўзнёслае і радаснае. Прыемна было і сустрэцца з калегамі з іншых абласцей, пагутарыць пра працу, пра жыццё… Аператар зернесушыльнага комплексу СВК імя Варанецкага Станіслаў Эйсмант таксама атрымаў Ганаровы дыплом і грашовую прэмію. Ва ўсіх нас, прадстаўнікоў Береставіцкага раёна, засталіся пра Маладзечна самыя добрыя ўспаміны.
Ад душы пажадаем нашым землякам новых працоўных здабыткаў і моцнага здароўя! Так трымаць!
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *