На пленэры ў Ашмянах юныя бераставіцкія мастакі прызнаны лепшымі

Лента новостей

Літаральна на мінулым тыдні ў Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў адбылося ўручэнне дыпломаў і прызоў навучэнцам мастацкага аддзялення – удзельнікам Рэгіянальнага мастацкага пленэра “Сцяжынкамі Ф.Багушэвіча”, які традыцыйна праходзіў у Ашмянах напрыканцы красавіка. Юныя мастакі з нашага раёна ўпершыню прымалі ўдзел у падобным творчым конкурсе і, як стала вядома нядаўна, усе сталі ўладальнікамі прызавых месцаў.
Пленэр (франц. plein air – вольнае паветра) – жывапіс, які ствараецца на прыродзе, пад адкрытым небам. Лічыцца, што толькі працуючы на пленэры, можна жыва і найбольш поўна перадаць асаблівасці натуральнага асвятлення і багацце навакольнага асяроддзя. Дарэчы, з гэтай формай работы вучні добра знаёмы, паколькі штогод у пачатку чэрвеня яны праходзяць летнюю вучэбную практыку па курсе “Пленэр”. Яна з’яўляецца неад’емнай часткай працэсу навучання ў школе мастацтваў і працягам класных навучальных заняткаў па малюнку, жывапісу і кампазіцыі.
У Ашмяны ездзілі восем навучэнцаў Бераставіцкай школы мастацтваў і яе філіялаў у Вялікіх Эйсмантах і Пагранічным пад кіраўніцтвам настаўніка мастацкіх дысцыплін Кацярыны Арабей. Юным мастакам неабходна было ў розных тэхніках напісаць касцёл св.Пятра і Паўла альбо помнік Францыску Багушэвічу ў вёсцы Жупраны, перадаць атмасферу, якая панавала ў той дзень, сваё бачанне ашмянскага краю – таго месца, дзе нейкі час жыў і дзе памёр беларускі паэт і празаік Францыск Багушэвіч. У выніку работы кожнага ўдзельніка з Бераставіччыны атрымаліся вельмі арыгінальнымі, адметнымі і невыпадкова заслужылі станоўчую адзнаку журы. Першымі сталі Дар’я Гардзейчык і Максім Янушка (у намінацыі “Лепшая работа гуашшу”), Марыя Кіган (у намінацыі “Лепшая работа пастэллю”) і Павел Гардзей (у намінацыі “Лепшая работа маслам”). Дзіяна Віхарава і Анастасія Старавойтава – на 2-м месцы. Іх малюнкі былі выкананы гуашшу і алоўкам. Трэцяй стала Дар’я Пракопік у намінацыі “Лепшая работа гуашшу”. Анастасія Жытко атрымала прыз сімпатый гледачоў.
Калі гаварыць увогуле аб выніках прайшоўшага навучальнага года на мастацкім аддзяленні, то ён быў дастаткова плённым. Акрамя традыцыйных выстаў вучнёўскіх работ у фае школы і конкурсу “Юныя таленты”, у якім сярод юных мастакоў лепшай прызнаны твор Дзіяны Віхаравай, заслугоўвае ўвагі таксама агульнашкольная выстава-конкурс плакатаў “Скажы СНІДу – не!”. На ёй вызначыліся малюнкі Вольгі Стрыгі (1-е месца), Максіма Гендэля (2-е месца) і Лізы Лукашэвіч (3-е месца). Анастасія Жытко заняла 2-е месца ў XVI Рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка” ў намінацыі “выцінанка”. Ілля Матысік, Руслан Кілімбет, Валерый Цярэшка, Мікіта Ганчароў, Дар’я Гардзейчык і Павел Гардзей прымалі ўдзел у IV Міжнародным біенале дзіцячых малюнкаў “Радасці Ташкента” (Узбекістан). Дыпломамі за ўдзел у III Рэспубліканскім конкурсе выяўленчага мастацтва “Красавік” узнагароджаны Алеся Лойка, Вадзім Карпуць, Вольга Стрыга, Дар’я Гардзейчык і Максім Гендэль.
Трое навучэнцаў мастацкага аддзялення Пагранічнага філіяла і пяцёра навучэнцаў Эйсмантаўскага філіяла прынялі ўдзел у абласным конкурсе сярод сельскіх школ мастацтваў. Эльвіра Мілашэўская з Вялікіх Эйсмантаў заняла ў гэтым конкурсе III месца.
Юныя мастакі з Вялікай Бераставіцы і з Вялікіх Эйсмантаў удзельнічалі ў абласной дабрачыннай акцыі “Ангел в твоем сердце. Ты в сердце ангела”. А твор Максіма Гендэля быў дасланы ў Магілёў для ўдзелу ў конкурсе “Мой Пушкін”.
Ну і, безумоўна, адной з самых яркіх падзей творчага жыцця школы, ды і ўсяго раёна, стала персанальная выстава акварэльнага жывапісу настаўніка мастацкага аддзялення Андрэя Втарушына, якая пакінула ў жыхароў гарпасёлка прыемныя ўражанні.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *