На палях Бераставіцкага раёна пачалася ўборка бульбы

Лента новостей

Бульбяное поле ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” радуе вока. Вобразна кажучы, яно “зіхаціць скарбамі”. Менавіта гэта мелі на ўвазе беларускія вучоныя, калі працавалі над ураджайнымі гатункамі бульбы айчыннай селекцыі і аднаму з іх далі назву з такім глыбокім сэнсам. У “элітгасе” вырошчваюцца таксама гатункі “Уладар”, “Янка”, “Журавінка”. Ужо самі назвы сакавітыя, лашчаць вуха роднымі словамі і сапраўды апраўдваюць спадзяванні генетыкаў. “Скарб” у апошнія дні ў гэтай гаспадарцы дае ўраджайнасць 403 цэнтнеры з гектара. А тэарэтычна гатункі беларускай селекцыі могуць даць і па 500, і па 600, толькі даглядай, вырошчвай іх з любоўю! А гэта ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” умеюць.
Уборка “другога хлеба” ніколі не была лёгкай. Вяскоўцы як ніхто гэта ведаюць. Але ў той дзень, калі я прыехала на поле, настрой у людзей быў добры. І нездарма – на бульбе можна добра зарабіць. За тону плацяць 80 тысяч рублёў. Столінцы, якіх тут пакуль 17 чалавек, набіраюць па 2 тоны, стараюцца. Выказалі жаданне папрацаваць і яшчэ 40 чалавек са Столінскага раёна. Добра паказваюць сябе і свае работнікі з лабараторыі мікракланальнага размнажэння бульбы. А галоўнае, збіраць яе лёгка – дробнай і не відаць. Вядро набіраецца вельмі хутка.
Ёсць у СВК “Малабераставіцкі элітгас” імпартны бульбаўборачны камбайн. Даверылі яго адказным механізатарам Віталію Леанчуку і Эдуарду Цупе.
На здымку: на ўборцы бульбы ў СВК “Малабераставіцкі элітгас”.

Будзем з цукрам

Дзяржзаказ на гэты год “салодкіх каранёў” для нашага раёна – 120 тысяч тон. Найбольшае заданне – 28 тысяч тон – даведзена СВК “Макараўцы”. Сыравіна здаецца на Бераставіцкі і Скідальскі буракапрыёмныя пункты. Пачалі ў нашым раёне ўборку цукровых буракоў 1 верасня. На 5 верасня зда-дзена 2790 тон. Цукрыстасць па раёне пакуль што некалькі меншая за базісную – 15% (базісная 16%). Але да 20 верасня дзейнічае надбаўка да закупачнай цаны за ранні тэрмін ўборкі — 20%. Як і кожны год, ёсць графік паставак на прыёмныя пункты. А здаваць у суткі нашаму раёну трэба 1 тысячу тон. Важная работа набірае тэмп.

«Зялёнае святло»
гаспадарлівым людзям

Падтрымцы прадпрымальніцтва у рамках дзяржаўнай эканамічнай палітыкі надаецца асаблівая ўвага. У пашане зараз і проста прадпрымальныя, энергічныя людзі, якія займаюцца вытворчасцю сельгаспрадукцыі, а прасцей – падсобнай гаспадаркай, тым самым дапамагаючы краіне мець яе як мага больш.
У мэтах аказання падтрымкі аграрнай галіне вобласці ў закупцы кармавых дабавак, мінеральных угнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, тэхнікі і ў сувязі з ростам паступлення грашовых сродкаў ад рэалізацыі мяса-малочнай прадуцыі пры яе экспарце, Гродзенскі аблвыканкам рэкамендаваў з 22 жніўня павялічыць закупачныя цэны на свініну на 62%, мяса буйной рагатай жывёлы – на 67%, малако – на 55% да ўстаноўленых пастановай №23 Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 2011 года. Напрыклад, аплата за малако з асабістых падворкаў узнята да 1496 рублёў за кілаграм першага гатунку. Гаспадаркам прапанавана купляць бычкоў ад насельніцтва вагой да 100 кілаграмаў па цане 22 000 рублёў за кілаграм жывой вагі (без падатку на дабаўленую вартасць).
Гэта зроблена, каб дапамагчы і вытворцам, і пакупнікам.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *