Малако карыснае для здароўя, яго з задавальненнем ужываюць і вяскоўцы, і гараджане. А ў апошнія гады яно зрабілася сапраўды стратэгічнай выгаднай сыравінай для краіны, важнай часткай айчыннага экспарту. Каб павялічыць яго выпуск, мадэрнізуецца жывёлагадоўля, уводзяцца ў эксплуатацыю новыя сучасныя фермы, стымулюецца праца жывёлаводаў. Прыемна адзначыць, што ў нашым раёне ёсць малочнатаварныя комплексы, дзе выдатныя паказчыкі, і калектывы, якімі па праву можна ганарыцца. Відавочна, што аб такіх дасягненнях яшчэ толькі мараць у многіх гаспадарках у рэспубліцы.
Адзін з нашых перадавікоў — малочнатаварны комплекс “Мацеевічы” СВК імя Варанецкага. За 11 месяцаў гэтага года надой на карову тут склаў 7497 кілаграмаў. Сапраўды, калі параўнаць гэтую лічбу з тымі, якія рэгулярна можна ўбачыць у галоўнай аграрнай газеце краіны “Белорусская нива”, дзе ў зводках адлюстроўваецца рэальная карціна ў сельскай гаспадарцы, дык можна ад душы парадавацца за нашых землякоў. Таму што нямала ферм яшчэ маюць у тры разы меншы надой, і нават яшчэ ніжэйшы.
З пачатку года на комплексе “Мацеевічы” тлустасць малака вышэйшая за базісную — 3,79 працэнта і вышэйшая за мінулагоднюю. Вышэйшым гатункам прададзена 86 працэнтаў сыравіны, а ў лістападзе – 92 працэнты. Таварнасць за апошні месяц восені дасягнула 94,3 працэнта. У лістападзе 2012 года яна была 92 працэнты. Скарачаюцца матэрыяльныя выдаткі на вытворчасць малака. Добрыя кармы дазваляюць павышаць паказчыкі.
Чалавечы фактар – аснова такіх здабыткаў. У СВК імя Варанецкага працуюць нераўнадушныя да сваёй справы людзі. Вядучы заатэхнік гаспадаркі Аляксандр Хвілацюк закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, а яго стаж у выбранай прафесіі пачаў свой адлік у 70-х гадах мінулага стагоддзя. Мяне ўразіла, з якой павагай і ўдзячнасцю, і нават замілаваннем, гаворыць гэты вопытны і дасведчаны чалавек пра комплекс “Мацеевічы” і яго калектыў. Абслугоўваюць яго менш за два дзясяткі чалавек. Стаўка робіцца на новыя тэхналогіі. Нашы вясковыя бабулі і дзядулі некалі і ўявіць не маглі, што такое магчыма. Добраупарадкаване тэрыторый вакол вытворчых аб’ектаў і ўтрыманне іх у належным стане сведчаць пра пастаянную мэтанакіраваную работу ў гэтым сельгаскааператыве. А самае галоўнае, што жывёла тут перспектыўных парод, з выдатным генетычным патэнцыялам, для раскрыцця якога стараюцца ўсе працаўнікі.
Цяляткі ў індывідуальных доміках рахманыя, цікаўныя, ідуць да людзей. Цялятніцы Ірына Багай і Рэгіна Шватро ўмеюць іх даглядаць, клапоцяцца, як
пра малых дзяцей. На іх дваіх прыходзіцца 120 — 130 цялят, прывагі належныя. А каб была ў іх моцная імунная сістэма, спачатку выпойваюць малодзівам, потым сквашаным малаком. Яны будуць менш хварэць, лягчэй пераносіць захворванні. Прапануюць гадаванцам і спецыяльныя камбікармы, каб паласаваліся. Там і сухое малако, і соевы шрот, і прэміксы. Гэта вельмі патрэбна маладому арганізму для правільнага развіцця. Кожнае цяля жанчыны ведаюць «у твар», як мне тут жартаўліва растлумачылі. Запарваюць для цялят і лекавыя карысныя травы. Іх выкарыстоўваць раяць ветэрынары. Гэта ўмацоўвае здароўе.
Вытворчы працэс на комплексе добра арганізаваны. І сянаж, і сілас на месцы, вазіць не трэба, кармы адпавядаюць патрабаванням.
Пахваліць за адказнасць і працавітасць на МТК “Мацеевічы” можна вопытнага ветфельчара Тамару Марко, дзённага даглядчыка жывёлы Юрыя Антушэвіча, начных даглядчыкаў Ірыну Казлову і Таццяну Мікалайчык, механізатара Іосіфа Кастрыкіна і іншых.
Пажадаем калектыву новых поспехаў!
Ніна Наддэ