На малочнатаварнай ферме “Малая Бераставіца” дружная каманда

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_5568Няма, на мой погляд, працы больш цяжкай, чым у нашых аграрыяў. Памятаю, як дзень маёй увішнай бабулі ў вёсцы пачынаўся з узыходам сонца, калі яна даіла кароўку, а потым вяла яе ў статак, дзе такія ж паважныя і прыгожыя рагулі чарадой ішлі на пашу. Потым гаспадыні глядзелі, ці добра наеліся іх карміцелькі і яшчэ частавалі іх нечым смачным. Зараз, на жаль, у вёсках значна менш трымаюць кароў, і дзеці ўжо і не ведаюць смак сырадою ад уласнай кароўкі, які сапраўды непараўнальны. Умацоўваў ён і здароўе дзяцей і дарослых. Зараз імклівая ўрбанізацыя ўнесла свае “карэктывы” ў наша жыццё. Ужо нават і вясковыя бабулі перайшлі на малако з поліэтыленавых пакетаў ці пластыкавых бутэлек і на ёгурты, хаця і крытыкуюць часам іх “магазінны” смак.
А сельская гаспадарка рэспублікі нарошчвае выпуск малочнай сыравіны, каб спаўна задаволіць патрэбы ўласнага насельніцтва і нарошчваць экспарт у самыя розныя краіны свету. Нашы землякі ўносяць у гэтую важную справу свой непасрэдны і важны ўклад.
На мінулым тыдні мне давялося пабываць на малочнатаварнай ферме “Малая Бераставіца” ў СВК «Малабераставіцкі элітгас». Месца там маляўнічае, побач хвойныя дрэвы з духмяным водарам і фітанцыдамі, што так прыдатна каля такога аб’екта. На ферме ўтрымліваецца 1700 галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак тут 500 кароў. Кармленне збалансаванае, тэхналогіі захоўваюцца.
Клопат пра будучую карміцельку пачынаецца тут са здароўя нованароджанага цяляці. Цяляты атрымліваюць малодзіва, гэта сапраўдны эліксір для імуннай сістэмы, праводзіцца аналіз іх крыві на імунаглабуліны.
Аператары машыннага даення захоўваюць адпаведныя тэхналогіі. Першыя пырскі малака здойваюцца ў спецыяльныя кубкі. Ужо па колеру і кансістэнцыі малака можна вызначыць, ці здаровая карова. Рагулі з мастытам дояцца асобна, іх лечаць. Потым некаторы час малако ад іх здаваць нельга.
Намеснік старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас” па жывёла­га­доўлі Міхаіл Болбат любіць сваю справу, клапоціцца, каб жывёлу добра даглядалі, кармілі і лячылі. Ён гаворыць, што забеспячэнне ветпрэпаратамі ў гэтай гаспадарцы добрае, нягледзячы на тое, што каштуюць яны нятанна.
Усё малако ў сельгаскааператыве здаецца вышэйшым гатункам, таварнасць складае 94 працэнты. А сярэднясутачны надой дру, напрыклад, на 23 сакавіка складаў 22 кілаграмы 200 грамаў, што на 2 з паловай кілаграмы больш, чым на такі ж час мінулага года.
Міхаіл Яўгенавіч з цеплынёй і шчырай павагай выказаўся пра людзей, з якімі ён працуе ў дружнай камандзе. Праца іх вельмі нялёгкая, таму нашым землякам, руплівыя рукі якіх пахнуць малаком, трэба нізка пакланіцца за іх старанне і добрасумленнасць.
Ніна Наддэ, фота аўтара

На здымку: намеснік старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас” па жывёлагадоўлі Міхаіл Болбат (крайні справа) з калектывам жывёлаводаў малочнатаварнай фермы “Малая Бераставіца”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *