Аздараўленчыя лагеры з дзённым прабываннем пачалі працу ў час асенніх канікул на базе Малабераставіцкай СШ, Макараўскага і Канюхоўскага ясляў – садоў – сярэдніх школ, Масалянскага, Старадварэцкага, Кватарскага і Паплаўскага ясляў – садоў – базавых школ і Пархімаўскай БШ.
На працягу 5 дзён, з 1 па 6 лістапада ў гэтых навучальных установах пройдуць аздараўленне 125 школьнікаў.
Як паведаміла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Інэса Сайко, у дзень на харчаванне аднаго дзіцяці ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў выдзяляецца 16 600 рублёў, ва ўзросце 11 — 13 гадоў – 18 600 рублёў.
Для дзяцей, якія наведваюць дзённыя аздараўленчыя лагеры, распрацаваны і праводзіцца шэраг мерапрыемстваў патрыятычнай, спартыўнай, экалагічнай накіраванасці, па прафілактыцы шкодных звычак і фарміраванню здаровага ладу жыцця, арганізаваны паказ тэматычных кінавідэафільмаў.
Акрамя таго, у час канікул ва ўсіх установах адукацыі арганізавана работа школьных спартыўных залаў, секцый, клубаў, гурткоў па інтарэсах, каб ахапіць спартыўна-масавымі і аздараўленчымі мерапрыемствамі максімальную колькасць навучэнцаў.
Ірына МІКЛАШ