З таго моманту, як вясна ўступіла ў свае правы, мінуў цэлы месяц. Якім ён быў? Нетыповым, непрадказальным і па-свойму своеасаблівым. Калі кожны сакавіцкі дзень чалавек сустракаў з надзеяй на цеплыню і быў адкрыты да аднаўлення ва ўсім: у гардэробе, пейзажах за акном, то ў адказ вясна бянтэжыла яго сваёй нявызначанасцю. Пытанне, на колькі яна адцягне правядзенне вясенняга севу, па-ранейшаму застаецца актуальным і адкрытым. Аднак, нягледзячы на такое становішча, падрыхтоўка да пасяўной 2018 года не прыпыняецца ні на хвіліну.
Дарэчы, азімымі збожжавымі культурамі пад ураджай наступнага года сельгаспрадпрыемствамі Бераставіччыны засеяна 9450 гектараў зямель. Плануецца, што пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя толькі на зерне будзе адведзена прыкладна 7250 гектараў зямель, з якіх звыш 950 гектараў зойме пшаніца, амаль 2450 – ячмень, звыш 340 – авёс, 90 – соя, 2385 – кукуруза.
– Перад пачаткам кожнай пасяўной кампаніі мы абавязкова праводзім фітаэкспертызу кандыцыйнага насення, – гаворыць галоўны аграном па ахове раслін Бераставіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Алена Лапавухава. – Такая працэдура дазваляе вызначыць якасць пасяўнога матэрыялу, з якім у будучым будзе працаваць аграном сельгаспрадпрыемства. Ігнараваць гэты важны этап нельга, так як больш за 60 працэнтаў відаў фітапатагенаў – бактэрый, грыбоў, што выклікаюць захворванне раслін, – перадаюцца менавіта праз насенне. У выніку сеў заражаным зернем прыводзіць да перадачы хвароб на расліны, якія ў працэсе вегетацыі ствараюць ачагі інфекцыі ў полі.
Па словах Алены Леанідаўны, заражанасць зерня патагенамі вызначаецца ў лабараторных умовах рулонным метадам. Каб праверыць усходжасць дадзеным спосабам, неабходна ўзяць ліст фільтравальнай паперы і крыху намачыць яго, разаслаўшы ліст на стале. Затым размеркаваць па ўсёй яго паверхні з невялікім інтэрвалам адзін ад аднаго зерне неабходнай культуры. Згарнуўшы паперу ў рулон, змясціць яго ў посуд з невялікай колькасцю вады. Насенне павінна знаходзіцца вышэй за ўзровень вады, так як вільгаць, падымаючыся па паперы, будзе раўнамерна змочваць яе. Пасля гэтага рулоны вытрымліваюцца ў тэрмастаце прыкладна тыдзень.
– Даследаванне трынаццаці проб па сто зерняў такім спосабам паказала, што працэнт заражанасці насення па комплексу ўзбуджальнікаў да 10 працэнтаў назіраўся ў адзінаццаці пробах, а роўна 10 працэнтаў – у двух пробах, – зазначае мая суразмоўца. – Так, узбуджальнікамі каранёвай гнілаты сталі грыбы – фузарыёзы і гельмінтаспарыёзы. Абодва з’яўляюцца шкоднымі для яравых культур і выклікаюць паражэнне не толькі каранёвай сістэмы, але і сцябла, ліставога апарата, коласа. У выніку страты ўраджаю могуць дасягаць 10 працэнтаў і больш. Другі названы від грыбоў, які з’яўляецца ўзбуджальнікам ліставой плямістасці збожжавых, на пшаніцы, жыце і ячмені сустракаецца ў двух разнавіднасцях – паласатай і сеткаватай плямістасці. Пры высокім узроўні інфікавання насення дадзенымі патагенамі назіраецца гібель і адставанне ў росце раслін на пачатковых этапах, развіваецца нізкаросласць і многае іншае. Акрамя фітапатагенных грыбоў значную шкоду насеннаму матэрыялу наносяць і сапратрофныя плесневыя грыбы, якія зніжаюць яго ўсходжасць.
Зразумела, што пытанне аб ахове насення ўзнікае само сабой. Сёння сельгаспрадпрыемствы раёна ў абавязковым парадку выкарыстоўваюць сродкі для аховы пасяўнога матэрыялу. Правільна падабраны прэпарат з аптымальнай дазіроўкай і пры якасным нанясенні з’яўляецца падмуркам для атрымання моцных усходаў і збору багатага ўраджаю.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ