Працаёмкая работа – уборка бульбы. Кожны вясковец ведае гэта. Як нялёгка бывае ўбраць нават уласныя “соткі”. Зараз жа сапраўды адчуваецца подых 21 стагоддзя. Паступова цяжкая ручная праца ў гаспадарках адыходзіць у нябыт. Прыемна было бачыць на полі РУСП “Масаляны” новенькі прыгожы бульбаўборачны камбайн. Ён айчыннай вытворчасці, маркі “Палессе”, прычапны. Каштуе “металічны прыгажун” 868 мільёнаў рублёў. Палову гэтай сумы аддалі адразу, а на другую палову для РУСП “Масаляны” на заводзе далі беспрацэнтную растэрміноўку на два месяцы, што вельмі выгадна.
Палюбавацца на тое, як працуе такая эфектыўная сучасная вытворчая тэхніка, было вельмі цікава. Камбайн за трактарам павольна рухаецца па ўрадлівай бульбяной ніве, беражліва выкопвае клубні і па спецыяльным мяккім транспарцёры падае наверх, дзе людзі выдаляюць камяні. Механізатар Аляксандр Пальковіч расказаў пра свае ўражанні ад новай выдатнай тэхнікі. Ён таксама вельмі задаволены, што цяжкай ручной працы ў іх гаспадарцы становіцца менш. А кіраваць бульбаўборачным камбайнам зусім няцяжка, тэхніка вельмі добрая. Дарэчы, сам камбайн невялікі. Усе, хто бачаць яго, любуюцца руплівым “жалезным працаўніком”, які так аблегчыў уборку “другога хлеба”. А адвозіў бульбу з поля механізатар Мікалай Біндзей на сваім трактары МТЗ 82.1. Разам з сяльчанамі парадавалася я таму, што ўраджайнасць бульбы тут 350 цэнтнераў з гектара. Нягледзячы на спёку, “другі хлеб” не падвёў, апраўдаў чаканні аграрыяў.
А садзілі тут бульбу першай-другой рэпрадукцыі. Гатункі Скарб, Рагнеда, Янка і Журавінка спаўна праявілі свой багаты патэнцыял. І безумоўна, не было б такога шчодрага ўраджаю без майстэрства аграномаў, залатых рук механізатараў і строгага захавання сучасных тэхналогій.
Ніна Наддэ,
фота аўтара