На Бераставіччыну прыехалі працаваць 12 маладых спецыялістаў сферы адукацыі

Лента новостей Образование

Традыцыйна ў жніўні педагагічная сям’я раёна папаўняецца маладымі кадрамі. Не стаў выключэннем і сёлетні год.

Як паведаміла метадыст Бераставіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Надзея Фёдарава, новы навучальны год распачнуць на сваіх першых працоўных месцах 12 маладых спецыялістаў сферы адукацыі раёна. 8 з іх маюць вышэйшую адукацыю, прычым, 7 закончылі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, 1 – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава. Яшчэ 4 маладых спецыяліста закончылі сярэднія спецыяльныя навучальныя установы (Гродзенскі і Ваўкавыскі каледжы ГрГУ імя Я.Купалы).

Што датычыцца спецыяльнасцей, то сярод маладога папаўнення найбольш настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя  (3), два настаўнікі замежнай мовы, па аднаму настаўніку матэматыкі, гісторыі, фізікі, геаграфіі і пачатковых класаў, ёсць  педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны.   

Найбольш багатай  на маладых спецыялістаў сёлета стала Вялікаэйсмантаўская   сярэдняя школа: у гэтай навучальнай установе будуць працаваць тры маладых спецыяліста. Па два маладых педагога прыступілі да працы ў Алекшыцкай і Малабераставіцкай сярэдніх школах,  атрымалі маладое папаўненне педагагічных кадраў таксама  ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе,  Пархімаўскім яслях-садзе-базавай школе,   сярэдняй школе  аг. Пагранічны і Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе.  

Асаблівасцю гэтага года стала тое, што ўпершыню  атрымаўся парытэт мужчынскай і жаночай паловы маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі: пасля заканчэння навучальных устаноў у раён  прыехала 6  дзяўчат і 6 юнакоў.

Застаецца толькі пажадаць, каб яны змаглі рэалізаваць тут свой творчы патэнцыял і пасля абавязковай адпрацоўкі не пакінулі   Бераставіччыну.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *