На Бераставіччыне ўбіраюць цукровыя буракі

Лента новостей

img_7524 img_7495 img_7530 img_7535Восень – традыцыйны сезон для нарыхтоўкі салодкай сыравіны. На Бераставіцкі буракапрыёмны пункт кожны дзень зараз прыязджаюць магутныя грузавікі з цукровымі буракамі. Сёлета трэба будзе прыняць ад сельгасарганізацый Бераставіччыны 130 тысяч тон буракоў. Кожны дзень квота складае 1100 тон, а сезон будзе працягвацца да 30 лістапада.
На гэтым тыдні мне давялося пабываць на буракапрыёмным пункце. Адразу было відаць, што тут добра падрыхтаваліся да чарговага сезону і нішто не перашкаджае зладжанай рабоце. Тэрыторыя пункта дагледжаная. Нават прыгожая альтанка ёсць з яркімі кветкамі, дзе можна трохі адпачыць на свежым паветры.
Размеркавальнік работ Галіна Цівунчык каардынуе працэс, яна ў сваёй справе далёка не навічок. А работнік лабараторыі Наталля Мікіценка расказала, што іх працу зараз не параўнаць з ранейшай. Ачышчае буракі ад бруду яна спецыяльным інструментам ў памяшканні, а раней нашым руплівым бабулям і дзядулям, і нам з імі разам даводзілася церабіць салодкія карані прама ў полі восенню на халодным пранізлівым ветры. Дзякуй Богу, эфектыўная вытворчая тэхніка зараз вельмі дапамагае аграрыям, ранейшая цяжкая праца адышла ў нябыт, што вельмі радуе.
Механізатар Сяргей Шымавалос працуе на буракапрыёмным пункце з 1994 года, яго ранейшы стары трактар саступіў месца сучаснаму пагрузчыку Амкадор-342С. Тэхніка вельмі добрая, мабільная і паслухмяная чуйным чалавечым рукам. За штурвалам сапраўдны ўмелец, цікава было паглядзець, як ён лоўка ўпраўляецца са сваім маленькім пагрузчыкам і вялікай гарой буракоў. З кожным захопам учэпістага каўша гэтая салодкая гара трохі меншала, а таварныя вагоны інтэнсіўна загружаліся. І сапраўды, чыгунка чакаць не любіць, адпраўляць каштоўны груз трэба “па гадзінах”. А малады буртаўкладчык Аляксандр Трушко стараецца на наступным этапе адладжанага працэсу, калі мы з ім пагутарылі, ён як раз сачыў за якасцю сыравіны ў загружаных вагонах на адпраўку. Сустракаюцца сярод буракоў камяні, смецце, усё гэта трэба хутка ліквідаваць, каб потым не ствараць праблемы для перапрацоўшчыкаў. Буракапрыёмны пункт працуе ў сваім звычайным зладжаным рэжыме, як і кожную восень. Адчуваецца тут своеасаблівы рытм. А кожны чалавек на сваім месцы стараецца, каб усё было, як след.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *