На Бераставіччыне ідзе падрыхтоўка да вясенне-палявых работ

Лента новостей

Палявод Іван Шаблій, вадзіцель Пётр Пясецкі і механізатар Пётр Казлоўскі

Падрыхтоўка і правядзенне вясенне-палявых работ на Бераставіччыне з кожным днём набірае абароты. Перашкаджаюць крыху ўмовы надвор’я. Аграрыі аднак спадзяюцца, што красавік, нарэшце, падорыць доўгачаканую цеплыню і дазволіць ім направіць усе свае сілы на выкананне асноўнай задачы – правядзенне вясенняй пасяўной кампаніі на высокім арганізацыйным і тэхналагічным узроўні.
Згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця аграбізнесу на 2016-2020 гады сельскагаспадарчым арганізацыям неабходна вырабіць на 4,8 працэнта прадукцыі больш, чым летась.
Беручы пад увагу гэты нюанс, зразумела, што з павелічэннем аб’ёмаў работ узрастае і адказнасць кожнага працаўніка.
— У стварэнні кармавой базы для патрэб жывёлагадоўчай галіны нарыхтоўка травяністых раслін адыгрывае важную ролю, — гаворыць галоўны аграном КСУП “Пагранічны-Агра” Віктар Белабокі. – Аднак, каб да вышэйназванага працэсу падысці ў поўнай гатоўнасці, ужо цяпер неабходна паклапаціцца пра якасць будучых кармоў. Звычайна падкормку шматгадовых траў праводзім вясною. Да ўнясення мінеральных угнаенняў адносімся з вялікай адказнасцю. Забяспечанасць сельгаспрадпрыемства калійнымі ўгнаеннямі на дадзены момант складае 100%, азотнымі – 69%, фосфарнымі – 35%, аднак запасы іх паступова папаўняюцца. На ўчарашні дзень з 939 гектараў зямель, на якіх раскінуліся пасевы шматгадовых траў, мінеральныя ўгнаенні ўнесены на плошчы звыш 840 гектараў.
У ліку тых работнікаў, хто зараз задзейнічаны на выкананні гэтых работ, знаходзіцца і механізатар Пётр Казлоўскі. Мужчына родам са Свіслацкага раёна, таму пасля заканчэння Бераставіцкага ПТВ № 194 вярнуўся ў родныя мясціны, але надоўга не затрымаўся. Пасля пераезду ў суседні, Бераставіцкі, уладкаваўся ў КСУП “Пагранічны-Агра”, дзе і працуе вось ужо сямнаццаты год. Пра свае абавязкі расказвае надзвычайна сцісла і зразумела:
— На ўнясенні мінеральных угнаенняў заняты ўжо чацвёрты сезон. Складанасцей зазвычай не ўзнікае, ды і ўмовы працы задавальняюць. А вось тэхніка (вытрымлівае невялічкую паўзу), як адрамантуеш, так і будзе працаваць.
На добрым рахунку ў кіраўніцтва не толькі Пётр Казлоўскі, але і яго калега, цёзка, Пётр Пясецкі. Гэта і не дзіўна, бо ўнушальнаму працоўнаму стажу вопытнага вадзіцеля можа пазайздросціць кожны працаўнік. Сорак тры – менавіта столькі вёснаў Пётр Станіслававіч прысвяціў роднаму сельгаспрадпрыемству. Зараз мужчына заняты на падвозцы ўгнаенняў. Па словах майго суразмоўцы, у дзень ён робіць тры рэйсы, перавозячы са складу на палеткі ад пятнаццаці да дваццаці тон мінеральных угнаенняў.
Назіраючы, заўважаю: справа ў мужчын спорыцца. Палявод Іван Шаблій хуценька напаўняе пасяўны агрэгат змесцівам, якое ўжо праз лічаныя хвіліны невялікім чырвоным воблакам плаўна асядае на палеткі.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *