На Бераставіччыне ідзе веснавая сяўба

Лента новостей

Як і кожны год, у РСУП “Алекшыцы” да палявых работ падрыхтаваліся своечасова. Паклапаціліся і пра мінеральныя ўгнаенні для падкормкі раслін, і пра запчасткі для тэхнікі, і пра тое, каб у людзей быў добры стымул працаваць.

Дырэктар прадпрыемства Валерый Паўлюкевіч сам па спецыяльнасці аграном, мае багаты вопыт работы, цікавіцца ўсім новым і перадавым, унікае ва ўсе тонкасці вытворчага працэсу. Таму і шчыра паважаюць яго ў гаспадарцы, бо нераўнадушны чалавек укладвае душу ў спрадвечную сялянскую працу на зямлі, рупіцца пра аддачу і дабрабыт вяскоўцаў. Самыя добрыя і ўдзячныя словы прыйшлося мне пачуць у адрас вопытнага і дасведчанага старшыні ад галоўнага агранома Генадзя Здановіча, які ўжо чатыры гады жыве і працуе на алекшыцкай зямлі.

У гэтым годзе ў РСУП “Алекшыцы” трэба пасеяць 571 гектар ранніх збожжавых і зернебабовых. Са 135 гектараў зернебабовых пад сумесь ячменю з гарохам на корм жывёле адведзена 117 гектараў, а 18 гектараў — пад кармавы боб. Гэтая культура таксама каштоўная, з’яўляецца сапраўднай крыніцай энергіі.

Аднагадовыя травы зоймуць 165 гектараў, цукровыя буракі – 210, кукуруза на зерне і сілас – 896 гектараў. Работы ў аграрыяў – канца-краю не відаць, але сяўбу будуць старацца правесці ў аптымальны сціслы тэрмін, пакуль  маці-зямелька напоена вільгаццю і чакае спорнае насенне. А майстар сваёй справы, механізатар Уладзімір Сазон, які на сяўбе шосты год, нават свайго магутнага жалезнага прыгажуна “Джон Дзіра” з сеялкай “Амазонэ” спыніў неахвотна, каб не прападала дарма такая дарагая веснавая хвіліна. Сее ён за дзень 40-50 гектараў ячменю з гарохам, падзяліўся, што авёс было сеяць цяжэй.

Гатункі ўсіх сельгаскультур у гаспадарцы перспектыўныя, адаптаваныя да нашых кліматычных умоў. Пры захаванні сучасных тэхналогій можна разлічваць на добры ўраджай.

Спрыяльнага вам надвор’я і новых здабыткаў, шаноўныя землякі!

Ніна Наддэ, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *