На Бераставіччыне цукровы канвеер у дзеянні

Лента новостей

Сёлета сельгаспрадпрыемствам Бераставіцкага раёна неабходна ўбраць 2293 га зямель, адведзеных пад пасевы цукровых буракоў. На 5 кастрычніка на буракапрыёмны пункт імі здадзена ўжо каля 20 тысяч тон гэтай тэхнічнай культуры. Аднак у параўнанні з тым, якая колькасць салодкага кораня прайшла праз канвееры Бераставіцкага буракапрыёмнага пункту за 70 гадоў яго існавання, гэтая лічба здаецца кропляй ў моры.

Амаль бесперапынны паток аўтатранспартных сродкаў, напоўненых цукровымі буракамі, і дзе-нідзе раскіданыя абапал дарогі караняплоды – сведкі таго, што з кожным днём уборачная кампанія набірае свае абароты.
Для прадпрыемства гэты перыяд самы напружаны і адказны. Па словах тэхніка Алега Глыбаўцава, прыём буракоў новага ўраджаю тут пачаўся яшчэ 1 верасня. І на 4 кастрычніка грузаадпраўшчыкамі з Бераставіцкага, Свіслачскага і Ваўкавыскага раёнаў ўжо зда-дзена звыш 26 тысяч тон цукровых буракоў у заліковай вазе. Сярэдняя забруджанасць пры гэтым складае 7,7 працэнта, а цукрыстасць крыху ніжэй за базісную – 15,11 працэнта пры норме 16. За змену пункт прымае звыш 70 грузавых машын.
Увогуле, маё невялічкае “падарожжа” па буракапрыёмнаму пункту пачалося з паста кантролю. На гэтай стадыі кантралёры якасці праводзяць візуальную праверку прадукцыі, прымаюць усе неабходныя дакументы ад вадзіцеляў. Пасля ў лабараторыі, абсталяванай сучаснай камп’ютарызаванай тэхнікай даследуецца прывезеная з палеткаў сыравіна. Менавіта ад вызначаных тут паказчыкаў забруджанасці і цукрыстасці караняплодаў у далейшым залежыць памер аплаты пастаўшчыкам.
Дарэчы, самы высокі паказчык цукрыстасці (16,65%) і самая чыстая прадукцыя (6,7%) паступае з КСУП “Варанецкі”.
Наступны этап – шалі і выгрузка. Пляцоўка, на якой размясціліся тры буртаўкладачныя машыны, фармуюць высокія роўныя кагаты з буракоў. Назіраць за гэтым працэсам надзвычай цікава. Пасля ўзважвання аўтамашына заязджае на пад’ёмную пляцоўку БУМа, гідраўліка перакульвае грузавік, ссыпаючы буракі ў спецыяльны бункер, і ўжо адтуль па транспарцёрнай стужцы караняплоды паступаюць у кагаты.
Усю тэхналогію закладкі дакладна ведае буртаўкладчык Павел Рыжко. На буракапрыёмным пункце мужчына працуе ўжо другі год. Ён прызнаецца, што калектыў тут дружны, кожны ведае свой фронт работ, таму і справа спорыцца.
Цікава, а што пасля?! А далей, паралельна з запаўненнем пляцоўкі ажыццяўляецца пагрузка ўраджаю ў чыгуначныя вагоны, якія ў далейшым накіроўваюцца на ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”. Літаральна ў дзень майго візіту да канчатковага пункту прызначэння было адпраўлена 500 тон сыравіны.
Плануецца, што апошні вагон з буракамі пакіне прыёмны пункт у канцы снежня.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара.
На здымку (злева направа): Валянцін Смалей, Юрый Янушкевіч, Павел Рыжко.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *