На Бераставіччыне развіваюць птушкагадоўлю

Лента новостей

10На ААТ “Бераставіцкая птушкафабрыка” не спыняюцца на дасягнутым, а імкнуцца ісці ў нагу з часам, умацоўваць агульны дабрабыт і адпаведна ўзровень жыцця кожнага працаўніка. Для гэтага распрацаваны бізнес — план на 2014 год, мэтай якога ставіцца не толькі ўтрыманне ўласнай планкі, але новыя вышыні. Бераставіцкая птушкафабрыка пастаянна знаходзіцца сярод лепшых у вобласці і рэспубліцы, тут шмат зроблена для мадэрнізацыі вытворчасці. Менавіта ў сучасных тэхналогіях і зніжэнні выдаткаў сакрэт далейшага эфектыўнага развіцця. Вядома, ні ў адной галіне не абходзіцца без праблем і цяжкасцей. Так і ў птушкагадоўлі бывае свой сезонны спад попыту на яйкі. Але ў астатні час прадукцыя добра раскупляецца. Кошт на яйкі невысокі ў параўнанні з мясам, сырамі і нават тварагом, таму іх ахвотна купляюць. Гэта сапраўдная крыніца бялку, вітамінаў і мінералаў. Па статыстыцы, спажыванне гэтай карыснай прадукцыі ў краіне год ад года расце.
Ужо і зараз можна адзначыць, што першы квартал 2014 года быў для птушкафабрыкі ўдалы. На экспарт у Расійскую Федэрацыю прададзена 3326,4 тысячы штук яек, і рахунак папоўніўся валютай. Дзякуючы спрыяльнай кан’юнктуры рынка, сума выйшла немалая — 222,8 тысячы долараў ЗША.
А заданне па росце валавой прадукцыі на гэты год тут 100,5 працэнта. Аб’ём вытворчасці яек павінен дасягнуць 39484 тысячы штук. Прывага маладняку складзе 158 тон. Сярэдняе пагалоўе курэй — нясушак дасягне 126,8 тысяч. Ад кожнай нясушкі спадзяюцца атрымаць 311 яек. Гэта будзе выдатны паказчык, птушкафабрык, якія змогуць яго дасягнуць, няшмат у рэспубліцы. Падмуркам такога дасягнення становіцца строгае захаванне новых тэхналогій.
Расход кармоў на тысячу штук яек складзе ў гэтым го­дзе 140 кармавых адзінак. На птушкафабрыцы запланавалі прадаць 35 тысяч галоў птушкі, з іх 27 тысяч галоў маладняку ўзростам 3-4 месяцы, а таксама 8 тысяч курэй-нясушак узростам 18 — 20 месяцаў. Рост выручкі ад рэалізацыі дасягне 111 працэнтаў у параўнанні з мінулагоднім. На аднаго працаўніка ў сярэднім выручка складзе 500 мільёнаў рублёў. Валавая дабаўленая вартасць наблізіцца да 14055 мільёнаў рублёў, на працаўніка – да 167 мільёнаў рублёў або 17,2 тысячы долараў ЗША. Гэта 134 працэнты да леташняга ўзроўню.
А з прыемных падзей, якія тут былі нядаўна, варта адзначыць сход працаўнікоў і акцыянераў. За 2013 год быў атрыманы прыбытак – 87,9 мільёна рублёў. Акцыянераў чакаюць дывідэнды.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *