На Бераставіччыне праходзяць мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства

Культура Лента новостей

У першую нядзелю верасня адзначаецца свята беларускага пісьменства. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і кнігадрукавання. Сёлетні год азнаменаваны юбілеем выдавецкай справы: 500 год таму дзякуючы асветніку Францыску Скарыне ўбачыла свет першая друкаваная кніжка на старабеларускай мове “Псалтыр”.

Пра беларускага першадрукара і яго ролю ў развіцці нацыянальнага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання ў сераду, 30 жніўня, успаміналі ў дзіцячай бібліятэцы пры падвядзенні вынікаў конкурсу летняга чытання “Лета кніжнага колеру”. Загадчыца філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага Аксана Кумпель расказала пераможцам конкурсу пра Францыска Скарыну і яго жыццёвы лёс (на здымку), пазнаёміла іх з гісторыяй выдавецтва першай беларускай кнігі, з кніжнай спадчынай асветніка.
Пераможцамі традыцыйнага конкурсу летняга чытання сёлета сталі вучаніцы другога класа Вялікабераставіцкай СШ Валерыя Марцуль і Маргарыта Хасанава, а таксама пяцікласніца Ірына Лабовіч, якая ўдзельнічае ў гэтым праекце ўжо не першы раз. Школьніцам былі ўручаны памятныя сувеніры і салодкія падарункі.
– Дзяўчынкі вельмі любяць чытаць, – гаворыць Аксана Паўлаўна. – Яны на самой справе адны з самых актыўных наведвальнікаў нашай бібліятэкі, мяркую, што чытанне ўжо стала іх сапраўдным захапленнем. За лета не толькі спраўляюцца з праграмнай літаратурай, але і знаёмяцца з творамі, што называецца, для душы – казкамі, прыгодамі, апавяданнямі пра жывёл і іншымі. Умовамі нашага конкурсу было прадугледжана ўласнаручна стварыць сувенірны выраб. Якія ж прыгожыя работы прынеслі дзяўчынкі! Вельмі цікавымі атрымаліся іх фотаздымкі на тэму “Лета і кніга”, а таксама водгукі на прачытаны твор. Дзякуй удзельніцам і, вядома ж, іх бацькам за праяўленую творчасць.
Дарэчы, паглядзець на вырабы пераможцаў можна на абанеменце дзіцячай бібліятэкі, а здымкі будуць выкладзены на сайце філіяла.
***
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства, на Бераставіччыне пройдуць ва ўсіх установах адукацыі і культуры. Бібліятэчныя работнікі прымуць самы непасрэдны ў іх ўдзел. Тое, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года, невыпадкова. Адукацыя, інфармацыя і культура – тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную складаючую нацыі, яе сучаснасць і будучыню.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *