Малако – сапраўды стратэгічная сыравіна для Беларусі. Дзяржава дапамагае сельгаскааператывам укараняць новыя тэхналогіі, будаваць сучасныя малочнатаварныя комплексы. Праз пэўны адрэзак часу яны робяцца акупнымі і дазваляюць вытворцам мець добры прыбытак.
У нашым раёне малочнай жывёлагадоўлі надаецца вялікая ўвага. Для многіх сельгаскааператываў гэты год выдаецца удалым. За 9 месяцаў па валавым паказчыку ў вытворчасці малака лідзіруе СВП “АграМір” – 136 працэнтаў росту ў параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам. Паспяхова нарошчваюць такую запатрабаваную вытворчасць СВК “Цецяроўка” – 110 працэнтаў, СВК “Алекшыцы” – 109 працэнтаў, СВК “Макараўцы” – 108 працэнтаў, СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 107 працэнтаў, СВК імя Варанецкага – 105 працэнтаў, РУСП “Масаляны” – 103 працэнты.
А на карову самы высокі надой у раёне за 9 месяцаў у РУСП “Масаляны” — 6388 кілаграмаў. Гэта на 106 кілаграмаў больш, чым за леташні такі ж час. У СВК імя Варанецкага надаілі ад каровы 6370 кілаграмаў (плюс 96 кілаграмаў), у СВК “Алекшыцы” – 6320 кілаграмаў (плюс 129).
Вельмі актуальнай праблемай не толькі ў нас, але і ў многіх краінах з’ўляецца якасць малака. Перашкаджаюць мець выдатную сыравіну многія фактары. Напрыклад, вытворцы страчваюць немалыя грошы з-за мастытаў кароў. Гэта каварнае захворванне. Яго могуць выклікаць і парушэнне звычайнай гігіены, і нават пераахалоджванне. Адзіным паратункам застаецца строгае захаванне тэхналогій. Гэта ўніверсальная ўмова, дзе б ні трымалі кароў. А за 9 месяцаў гэтага года 89,2 працэнта малака гатункам “экстра” здало СВП “АграМір”. У аграфірме “Стары Дворац” прадалі такім класам 43,9 працэнта сыравіны, у РУСП “Масаляны” – 42,3 працэнта.
Ніна Наддэ