Своечасовая мадэрнізацыя жывёлагадоўлі ў раёне, планамерная работа па раскрыцці генетычнага патэнцыялу рагуль дала выдатную магчымасць для інтэнсіўнага развіцця гэтай важнай галіны.
Пастаянна ў полі зроку жывёлаводаў “вал” і якасць малака. Валавы надой па раёне за 8 месяцаў гэтага года дасягнуў 457236 цэнтнераў. Рост склаў 104 працэнты ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У СВП “АграМір” рост склаў 112 працэнтаў. Нарошчваюць вытворчасць запатрабаванай сыравіны ў СВК “Цецяроўка” – у іх адзначаецца рост 110 працэнтаў. У СВК “Пархімаўцы” такі паказчык – 105 працэнтаў. У СВК “Алекшыцы” і “Малабераставіцкі элітгас” рост склаў 104 працэнты, у РУСП “Масаляны” і СВК “Макараўцы” – 103. У СВК імя Варанецкага адзначаецца рост 102 працэнты, павышаць уласную высокую планку вытворцам бывае нялёгка. У аграфірме “Стары Дворац” вытворчасць знізілася на два працэнты ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Ва ўсіх гаспадарках стараюцца, рэзервы для развіцця і нарошчвання выпуску сыравіны яшчэ ёсць, лічаць жывёлаводы.
У полі зроку аграрыяў, безумоўна, і якасць малака. Арыентавацца ў сучасных эканамічных умовах трэба на высакаякасную сыравіну. Дарэчы, у развітых краінах малака іншых гатункаў увогуле не купляюць. Таму фермеры арыентуюцца на высокія стандарты.
Выйграе ад выпуску “экстры” ў першую чаргу сам вытворца. За малако “экстра” ў нас добра плацяць. Таму ёсць стымул старацца.
Гатункам “экстра” на Бераставіччыне за 8 месяцаў гэтага года здадзена больш за 14 працэнтаў малака, найбольш у СВП “АграМір” – амаль 95 працэнтаў. У аграфірме “Стары Дворац” “экстрай” здалі 46 працэнтаў, у РУСП “Масаляны” – больш за 32 працэнты сыравіны.
А на карову самы высокі надой на Бераставіччыне адзначаецца ў РУСП “Масаляны” – 5740 кілаграмаў (плюс 82 кілаграмы). У СВК “Алекшыцы” надаілі 5685 кілаграмаў (плюс 61), у СВК імя Варанецкага – 5559 (мінус 105 кілаграмаў), у СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 4943 (плюс 15 кілаграмаў), у аграфірме “Стары Дворац” – 4838 кілаграмаў (мінус 74), у СВП “АграМір” – 4200 кілаграмаў (плюс 76), у СВК “Макараўцы” – 3655 кілаграмаў (мінус 69). Па раёне сярэдні надой на карову склаў 4630 кілаграмаў (плюс 14 кілаграмаў).
Безумоўна, у параўнанні з іншымі гаспадаркамі вобласці і рэспублікі гэта дастойныя паказчыкі. Няхай і далей папаўняюцца “малочныя рэкі”, расце дабрабыт людзей!
Ніна Наддэ