У СВК імя Варанецкага павышаюць прадуктыўнасць жывёлагадоўлі

Сельское хозяйство Человек и его дело

У нашай краіне стаўка зроблена на інтэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі. Аграрны сектар рэспублікі не толькі забяспечвае ўласнае насельніцтва прадукцыяй раслінаводства і жывёлагадоўлі, але і ўмацоўвае экспарт, шукае новых гандлёвых партнёраў. Патрэба ў малочнай сыравіне ўзрастае з кожным годам. На Бераставіччыне шмат зроблена, каб нарошчваць “вал” і паляпшаць якасць малака. Кожны год уносіць свае здабыткі ў скарбонку дасягненняў аграрыяў. Не будзе выключэннем і гэты год, хаця “капрызы надвор’я”, безумоўна, стваралі перашкоды нарыхтоўцы кармоў. Работа ў жывёлагадоўлі – планамерная, і “заўтра” тут – гэта добра арганізаванае “сёння”.
СВК імя Варанецкага – моцная гаспадарка, дзе нядаўна быў уведзены ў эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс “Валотынь”. Вядома, не так проста ў перспектыве ўзбуйняць вытворчасць, павышаць сваю планку, але “дарогу асіліць той, хто ідзе”.
Вялікая ўвага ў гэтай гаспадарцы надаецца раскрыццю генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы, павышэнню прадуктыўнасці кароў. У гэтым сельгаскааператыве зладжаная каманда спецыялістаў, пра якіх можна вобразна сказаць, што яны ўсё сваё жыццё прысвяцілі жывёлагадоўлі. Працаваць у такой няпростай галіне раўнадушны чалавек не зможа, жывёлу трэба любіць, як сваю, толькі тады “справа пойдзе”. Заатэхнік-селекцыянер СВК імя Варанецкага Ірына Кашэвіч (на здымку) адзначае, што менавіта гэтае пачуццё дало ёй штуршок у свой час выбраць для сябе Горацкую сельгасакадэмію, адну са старэйшых ВНУ краіны. Там далі ёй грунтоўныя веды, навучылі, як прымяняць навуку ў паўсядзённай “руціннай” рабоце. Спачатку яна працавала ў СВК “Пархімаўцы”, а з 2011 года — ў СВК імя Варанецкага. Агульны стаж яе ў жывёлагадоўлі ўжо больш за два дзесяткі гадоў. І ні разу за гэтыя гады, нягледзячы на цяжкасці, якія бываюць у кожнага чалавека, Ірына Міхайлаўна не засумнявалася, ці правільна выбрала сваю жыццёвую дарогу.
У СВК імя Варанецкага добра арганізаваны вытворчы працэс. Тут пільна сочаць, каб кожнае нованароджанае цялятка атрымала малодзіва, каб у яго была моцная імунная сістэма, таму што такія цяляты менш хварэюць, і з іх пры належным клопаце вырастаюць добрыя кароўкі. “На самацёк” важная справа не пускаецца, у цялят бяруцца аналізы крыві на імунаглабуліны. Прывагі цялушак “на ўзнаўленні” ў СВК імя Варанецкага з пачатку года — 772 грамы. Гэта дастойны паказчык, што вельмі радуе. Для ўзнаўлення статка адбіраюцца толькі цяляты, якія адпавядаюць строгім тэхналагічным патрабаванням, што станоўча сказваецц на прадуктыўнасці. IMG_4365Ірына Міхайлаўна гаворыць, што яе вопытныя калегі – галоўны заатэхнік СВК імя Варанецкага Вікенцій Адамчук і ветурач-гінеколаг Леанід Якусік прыкладваюць усе намаганні, каб вытворчасць тут адпавядала стандартам. Высокія надоі і вытворчасць малака гатунку “экстра” былі б немагчымыя без каманднай зладжанай работы дасведчаных спецыялістаў і працаўнікоў. Па-іншаму ў гэтай перспектыўнай гаспадарцы працаваць проста не ўмеюць, пра што сведчаць дастойныя паказчыкі.
У век урбанізацыі, калі ў нашых аграгарадках у магазінах можна ўбачыць багаты асартымент малочнай прадукцыі, мне было цікава, ці трымае сама Ірына Міхайлаўна карову? Аказалася, што менавіта так, а кароўка яе дае 8 тысяч кілаграмаў малака ў год. На заканчэнне нашай гутаркі захацелася мне задаць заатэхніку-селекцыянеру яшчэ адно, некалькі “правакацыйнае” пытанне:
— Вобразна кажучы, СВК імя Варанецкага – гэта наш “кіт” на Бераставіччыне, каб у краіне было больш такіх! За мінулы год ад каровы тут надаілі 8419 кілаграмаў малака, што вельмі радуе. А ў перспектыве, ці зможаце вы, нашы лідары, надойваць і па 9 тысяч кілаграмаў малака ад кароўкі?
Мая субяседніца адказала мудра:
— Надойваць і па 8 тысяч кіла­грамаў малака ў год ад каровы няпроста, а па 9 тысяч – вельмі складана. Але я скажу так: пажадайце нам гэтага!
Шчыра жадаем! Няхай спадарож­нічаюць нашым руплівым землякам моцнае здароўе, поспехі і ўдача!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *