З дня на дзень падыдзе да свайго лагічнага завяршэння ўборка цукровых буракоў на Бераставіччыне. З гэтай адказнай місіяй ужо паспяхова справіліся такія сельгаспрадпрыемствы, як РСУП “Алекшыцы”, КСУП “Пархімаўцы” і КСУП “Пагранічны-Агра”. Цяпер жа свой апошні “цукровы марш-кідок” робіць і аграфірма “Стары Дворац”.
Убіраць гэтую тэхнічную культуру мы пачалі ў раннія тэрміны (з 31 жніўня) з дастаўкай караняплодаў на буракапрыёмны пункт, што ў гарадскім пасёлку Рось, па ўзгодненым графіку для перапрацоўкі без закладкі на захоўванне, — расказвае галоўны аграном аграфірмы “Стары Дворац” Мікалай Міхальчык. – З 230 гектараў зямель, адведзеных пад цукровыя буракі, па стане на ранак 3 лістапада салодкія карані ўбраны ўжо на 228 гектарах. І калі цяпер сельгаспрадпрыемствам выкапана ўжо 11800 тон буракоў, то ў мінулым годзе на гэтую ж дату прыпадала на дзве тысячы тон менш. Зразумела, што сведчыць гэта і пра неблагую ўраджайнасць, якая сёлета вышэйшая ажно на 127 ц/га, і складае 519 цэнтнераў з гектара. Сярэдняя забруджанасць пры гэтым — 8 працэнтаў, а цукрыстасць крыху ніжэй за базісную – 15,98 працэнтаў пры норме 16.
Падчас позніх тэрмінаў уборкі з’яўляецца рызыка ўзрастання вільготнасці глебы. Разам з гэтым узнікае і шэраг нюансаў, якія неабходна ўлічваць. Зладжаны экіпаж у складзе камбайнера Леаніда Аўгусціновіча і яго памочніка Віктара Маслоўскага добра ведае, якога хуткаснага рэжыму трэба прытрымлівацца, як настроіць тэхніку так, каб яна не пашкодзіла караняплод пры зрэзе бацвіння. І няхай на буракаўборачным камбайне “Kleine” Леанід Эдуардавіч працуе толькі другі сезон, а Віктар Яўгеньевіч і ўвогуле – першы, аднак вопыту ім не займаць. Абодва мужчыны неаднаразова былі заняты на такіх сельскагаспадарчых работах, як нарыхтоўка кармоў, сяўба, уборка саломы і многае іншае.
Дарэчы, сабраныя з палеткаў салодкія карані адразу на месцы складаюць у бурты. Тут жа паралельна вядзецца і іх адгрузка. Маецца для гэтага ў сельгаспрадпрыемстве і ўся неабходная тэхніка. Толькі за першыя паўтара месяца буракапагрузчыкам СПС-4,2А, прызначаным для пагрузкі караняплодаў буракоў з палявых валкоў і кагатаў у транспартныя сродкі з дадатковай ачысткай ад зямлі, бацвіння і раслінных рэшткаў, было адгружана 8000 тон салодкага кораня. У дзень майго візіту на плантацыі апошняя партыя новага ўраджаю паступала ў кузавы аўтамашын па канвееры выгрузнога транспарцёра “Geba”.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара