Завяршыўся Масленічны тыдзень, ці, простамоўна, Масленіца. Па народных традыцыях, якія захаваліся ў беларускім фальклоры, – гэта самае вясёлае свята, калі людзі танцавалі, спявалі, хадзілі адзін да аднаго ў госці і ласаваліся блінамі. Зразумела, у цяперашні час мала хто выконвае ўсе абрады і звычаі Масленічнага тыдня. Аднак ведаць свае нацыянальныя традыцыі павінен кожны. І работнікі ўстаноў культуры Бераставіцкага раёна праводзяць у гэты перыяд шэраг творчых праграм, прысвечаных прыгожаму народнаму святу Масленіцы.
Згодна з абрадам, Масленічны тыдзень пачынаўся ў панядзелак і завяршаўся ў нядзелю феерычным спальваннем пудзіла. Кожны дзень гэтага свята ўнікальны і напоўнены глыбокім сэнсам, мае сваю назву і рытуалы, якія трэба было абавязкова выконваць, каб на працягу года спрыялі здароўе, удача і дабрабыт. Пасля прыняцця хрысціянства царква напоўніла свята Масленіцы новымі ідэямі. Масленічны тыдзень стаў апошнім этапам падрыхтоўкі да Вялікага посту. У хрысціянскай традыцыі за перыяд Масленіцы вернікі павінны наблізіцца да пакаяння даравання ўсіх крыўд, прымірэння з блізкімі.
А яшчэ Масленіца – гэта провады зімы і сустрэча вясны. Выправілі зіму, якой сёлета практычна не было, у аграгарадку Стары Дворац. У суботу, 29 лютага, работнікі мясцовага філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці правялі тэатралізаванае свята “Масленіца”.
У пятніцу, 28 лютага, бібліятэкары Алекшыцкай сельскай бібліятэкі арганізавалі капуснік для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання «Сустрэча», падчас якога ўзгадалі традыцыі святкавання Масленіцы і пачаставалі ўсіх прысутных традыцыйнымі блінамі.
А ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы прайшоў рэтра-вечар “Вясну сустракаем з Масленіцай”. Гасцямі бібліятэкі сталі члены аматарскага аб’яднання “Ладачкі”, якія падзяліліся рэцэптамі прыгатавання смачных бліноў.
Святлана Ганчарова