На Бераставіччыне выйшлі ў поле

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0004Сакавік усміхнуўся людзям сонечным цёплым надвор’ем, такім кантрасным у параўнанні з мінулагодняй позняй вясной. І хаця наранку яшчэ былі замаразкі, у сярэдзіне гэтага  тыдня ў другой палове дня, калі глеба ўжо трохі прагрэлася, у СВК “Цецяроўка” першы трактар выйшаў у поле. І ў галоўнага агранома Віктара Белабокага, і ў механізатара Дзмітрыя Касьяна (на здымку), калі я туды прыехала, настрой быў выдатны. Пасля доўгага зімовага перапынку ім хацелася прыступіць да работы. Стаж у Дзмітрыя ўжо 9 гадоў. Ён мясцовы, з вёскі Паўлюшкі, а атрымаў прафесійную адукацыю ў ліцэі ў г.п.В.Бераставіца. “І на трактарыста, і на вадзіцеля, і на зваршчыка мяне там вывучылі”, — задаволена адзначае мой субяседнік. А значыць, рабочыя рукі не будуць без работы, дастойны занятак у гаспадарцы заўсёды знойдзецца, агульнай справе на карысць.
Пачаліся тут веснавыя палявыя работы з культывацыі глебы. Правесці яе трэба як мага хутчэй, каб захаваць вільгаць. А сама культывацыя – гэта разбурэнне скарынкі, якая ўзнікае пасля таго, як сыходзіць снег і прыгрэе сонейка. Пасля таго, як па полі пройдзецца магутны трактар з шасцімятровым агрэгатам КН – 6, які рыхліць глебу на глыбіню прыкладна 7 сантыметраў, вільгаць надзейна зберажэцца для пасеваў яравых. Усяго пракультываваць у гэтай гаспадарцы трэба 3 тысячы гектараў пад яравыя з кукурузай. Разам з Дзмітрыем Касьянам такі від работ даручылі бацьку і сыну Аляксандру і Віктару Буйніцкім, Алегу Дзегцярову, Аляксандру Кухарчыку і іншым.
Удалага вам пачатку палявых работ, спрыяльнага надвор’я, шчодрага новага ўраджаю, шаноўныя!

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *