Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 76-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць на Бераставіччыне, атрымалі матэрыяльную дапамогу ад раённага выканаўчага камітэта.
На жаль, з кожным годам людзей, якія набліжалі вызваленне беларускай зямлі ад нямецкай акупацыі, застаецца ўсё менш. На сённяшні дзень у Бераставіцкім раёне пражывае ўжо толькі чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Усіх іх напярэдадні свята наведалі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шчука і старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова.
Андрэй Іосіфавіч выказаў ветэранам вайны словы шчырай падзякі за іх неацэнны ўклад у набліжэнне Вялікай Перамогі, за працу па аднаўленні краіны ў пасляваенныя гады, пажадаў моцнага здароўя, даўгалецця і ўручыў матэрыяльную дапамогу, выдзеленую са сродкаў мясцовага бюджэту.
— Мы вельмі ўдзячны раённаму выканаўчаму камітэту за тое, што ветэраны вайны на Бераставіччыне акружаны належнай ўвагай і клопатам, — адзначыла Алена Сілкова. — Напярэдадні такіх важных дзяржаўных свят, як Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дзень абаронцаў Айчыны яны традыцыйна атрымліваюць матэрыяльную дапамогу як падзяку ад усіх нас за магчымасць жыць пад мірным небам. Гэта вельмі важна — не забываць пра тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, здабываў для нас свабоду і незалежнасць, падымаў з руін нашу краіну ў пасляваенныя гады.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара