На Бераставіччыне бурачны сезон у разгары

Лента новостей Сельское хозяйство

Менавіта так называюць аграрыі месяц кастрычнік. І нездарма: гэта час, калі “салодкія карані” набіраюць найбольшую цукрыстасць, ён лічыцца самым спрыяльным для іх уборкі.
Гэтую цэнную культуру ў Бераставіцкім раёне вырошчваюць на 2175 гектарах, 250 з якіх належаць КСУП “Пагранічны-Агра”.
Варта адзначыць – буракі на прадпрыемстве ўрадзілі даволі нядрэнна: 381 цэнтнер з гектара, што несумненна з’яўляецца вынікам захавання ўсіх тэхналогій вырошчвання. Сярод гібрыдаў заходняй селекцыі, якімі засаджаны “салодкія” плантацыі, правераныя “акацыя”, “ксантус”, “андрамеда” і некаторыя іншыя. На працягу ўсяго росту буракоў земляробы пільна сачылі за тым, каб своечасова былі ўнесены неабходныя ўгнаенні, да прыкладу, вельмі важна даць гэтай расліне азот, фосфар, калій. Не занядбаць хімічнай апрацоўкай ад пустазелля, а таксама апрацоўкай мікраэлементамі і борам.


— Нягледзячы на тое, што цукровыя буракі ў нашай гаспадарцы пасаджаны ўсяго на 250 гектарах, гэтай расліне надаецца немалаважнае значэнне, — адзначае аграном-несеннявод КСУП “Пагранічны-Агра” Аляксей Ціханаў. – Па-першае, культура гэтая рэнтабельная, а па-другое – перапрацаваныя караняплоды вяртаюцца на прадпрыемства і ідуць на патрэбы жывёл. Увесь сабраны ўраджай адпраўляецца ў ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”, квота – амаль 160 тон штодзень.
За рулём бурака-ўборачнага камбайна «Вервайт» застаю перадавіка прадпрыемства Дзмітрыя Кухарчыка (на здымку). Здавалася, зусім нядаўна мы дзяліліся з нашымі чытачамі дасягненнямі ў намалоце збожжа гэтага камбайнера, а ўжо сёння ён задзейнічаны на ўборцы буракоў.
– Для мяне гэта ўжо восьмы па ліку сезон уборкі салодкага кораня, — адразу зазначыў суразмоўца. – Як і заўсёды, галоўная задача – своечасова і якасна ўбраць з палёў ураджай. Кожны дзень пачынаецца з агляду камбайна, падрыхтоўкі яго да выхаду ў поле. Бывае – здараецца сур’ёзная паломка, але ў асноўным тэхніка не падводзіць. Ды і надвор’е апошні час толькі спрыяе працы, што не можа не радаваць.
Сабраныя з палеткаў салодкія карані адразу на месцы складаюць у бурты. Тут жа паралельна вядзецца і іх адгрузка. Ёсць для гэтага ў сельгаспрадпрыемстве і ўся неабходная тэхніка. Айчынным пагрузчыкам “Амкадор-352” кіруе вопытны трактарыст-машыніст Барыс Савіцкі, за 15-20 хвілін запаўняе караняплодамі кузаў імпартнага “Холмэра”, які здзяйсняе дадатковую ачыстку ад зямлі, бацвіння і раслінных рэшткаў. Пасля чаго караняплоды выгружаюцца ў КамАЗы і трымаюць шлях на буракапрыёмны пункт.


Па ўсяму бачна — восеньскі марафон уборкі цукровых буракоў у самым разгары, і па прагнозах кіраўніцтва КСУП “Пагранічны-Агра”, павінен фінішаваць ў першыя лістападаўскія дні.

Анжаліка Дудко,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *