У мінулы чацвер у раённым Доме культуры адбыўся канцэрт папулярнага артыста беларускай эстрады Аляксея Хлястова. З першых хвілін артыст пакарыў гледачоў. Цудоўны голас і абаянне Аляксея, яго ўменне весці жывы і шчыры дыялог з залай, прыемныя мелодыі песень, якія гучалі са сцэны, не пакінулі раўнадушнымі нікога. Цёплая сяброўская атмасфера і ўзнёслы настрой панавалі падчас усяго канцэрта. Апладысменты не сціхалі. Падчас сустрэчы Аляксей Хлястоў падзяліўся сваімі творчымі планамі, а таксама з задавальненнем адказаў на пытанні гледачоў і зачытаў вершаваныя радкі, напісаныя ў знак удзячнасці спеваку прыхільнікамі яго творчасці, якія знаходзіліся ў зале. Лепшаму, на яго думку, аўтару такіх радкоў – а ім стала дырэктар Пархімаўскай БШ Аксана Аўдзітоўская – спявак падарыў на памяць майку са сваёй выявай і плакат з аўтографам.
На бераставіцкай сцэне разам з Аляксеем выступіў таксама наш зямляк Аляксандр Лапскі, які ў свой час працаваў са знакамітым беларускім спеваком у вакальна-інструментальным ансамблі, падтрымлівае сяброўскія сувязі з артыстам і сёння.
Пасля канцэрту Аляксей Хлястоў падарыў усім жадаючым свае фотаздымкі з аўтографам і сфатаграфаваўся на памяць. Свае пажаданні, па нашай просьбе, Аляксей пакінуў і чытачам “раёнкі”.
Святлана Ганчарова,
фото аўтара