На Бераставіцкай птушкафабрыцы нарошчваюць вытворчасць яек

Лента новостей

IMG_0012Больш за паўстагоддзя прайшло з таго часу, калі пачала свой адлік гісторыя Бераставіцкай птушкафабрыкі. Менавіта тады ў вобласці было прынята рашэнне аб яе будаўніцтве на ўскрайку нашага гарадскога пасёлка. За гэтыя гады з яек, атрыманых тут, можна было б выкласці, вобразна кажучы, цэлую гару. Яны нязменна карыстаюцца попытам і ў нас, і ў блізкім замежжы. Пра карысць яек напісана шмат. Для тых, каму па стане здароўя іх не трэба абмяжоўваць, гэта выдатная крыніца бялку і многіх карысных рэчываў. А самым важкім “плюсам” для многіх гаспадынь з’яўляецца тое, што яйкі ўсім даступныя па цане. Немагчыма ўявіць без іх смачныя салаты і кандытарскія вырабы. Яны сапраўды ўзбагачаюць наш будзённы і святочны стол, з’яўляюцца карыснай натуральнай прадукцыяй.
Птушкафабрыка зарабляе валюту, тут устаноўлена сучаснае абсталяванне. За 4 месяцы гэтага года атрымана 13099 тысяч штук яек, што на 2109 тысяч штук больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Прадуктыўнасць птушкі склала больш за 105 яек, што на 11,5 штукі больш, чым за такі леташні час. Гэта сведчыць аб тым, што сучасныя тэхналогіі, добры догляд і правільнае збалансаванае кармленне прыносяць адпаведную аддачу. Прададзена 26,8 тысячы галоў птушкі, з іх 23 тысячы маладняку ва ўзросце 3 – 4 месяцы, астатнія дарослыя куры — нясушкі.
Удалымі выдаліся першыя чатыры месяцы гэтага года ў экспарце яек у Расійскую Федэрацыю. Туды было прададзена 5,2 мільёна штук яек, што на 3,7 мільёна больш, чым за такі ж час мінулага года. Выручка атрымана немалая — 337 тысяч долараў ЗША. Але ў сённяшніх няпростых умовах, калі шмат грошай ідзе на вытворчасць прадукцыі, у прыватнасці, на кармы, карысныя дабаўкі для іх (цэны ж растуць), зарплаты людзям, малымі сродкамі, безумоўна, не абыдзешся…
Рост вытворчасці валавой прадукцыі ў параўнанні з чатырма месяцамі 2013 года дасягнуў 122 працэнты. Гэта выдатны паказчык. Наша птушкафабрыка знаходзіцца на дастойным месцы сярод іншых у Гродзенскай вобласці і рэспубліцы. Яна ўтрымлівае свае пазіцыі. Тут адладжаны вытворчы працэс, стабільная работа.
Не толькі на продажы яек зараб­ляе грошы калектыў Бераставіцкай птушкафабрыкі. За 4 месяцы аказаны транспартныя паслугі на 421 мільён рублёў, з іх на 408 мільёнаў — паслугі па вырабу камбікорму. Тут працуе мабільная камбікормавая ўстаноўка, якая выязджае ў гаспа­даркі Бераставіччыны. Вадзіцелі Алег Савель і Андрэй Жывель карыстаюцца заслужанай павагай за сваю запатрабаваную працу. Калектыў птушкафабрыкі ўдзячны сельгаскааператывам за супрацоўніцтва, продаж збожжа і карыстанне паслугамі, што ўзаемавыгадна. За красавік выраблена каля 500 тон камбікармоў для ўласных патрэб і 1300 тон для гаспадарак.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *