На базе музея Вавёркі дзейнічае патрыятычны цэнтр “Спадчына”

Культура Лента новостей

З пачатку года па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бераставіцкага райвыканкама  на базе музея Вавёркі дзейнічае патрыятычны цэнтр «Спадчына»  – асветніцкі праект грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, накіраваны на ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, захаванне культуры, гістарычнай спадчыны беларускага народа, памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і яе героях.  Аб мэтах і задачах цэнтра гутарым з дырэктарам музея Вавёркі Наталляй Таргонскай.

– Наталля Міхайлаўна, якой бачыцца дзейнасць цэнтра “Спадчына”?

– Перш за ўсё, мы плануем паказаць месца гісторыі і традыцыйнай культуры ў выхаванні духоўных каштоўнасцей, любові да роднай зямлі, фарміраванні  грамадзянскасці і патрыятызму падрастаючага пакалення,  максімальна выкарыстоўваючы як наш музейны фонд, так і патэнцыял багатай скарбніцы нацыянальнай культуры. Беларускія народныя  традыцыі, культурная спадчына і памяць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў падчас ваенных ліхалеццяў – гэта тое, што нас усіх аб’ядноўвае і садзейнічае нацыянальна-дзяржаўнай самаідэнтыфікацыі.

– Праз якія формы работы гэта будзе ажыццяўляцца?

– Праз музейныя заняткі, майстар-класы, інтэрактыўныя экскурсіі, сустрэчы, выставачную дзейнасць і гэтак далей. Дарэчы, першыя мерапрыемствы ў рамках функцыянавання цэнтра “Спадчына” былі ўжо праведзены. Гэта, напрыклад, музейны занятак для вучняў Вялікабераставіцкай СШ па тэме «Беларускі традыцыйны касцюм», падчас якога школьнікі пазнаёміліся з элементамі нацыянальнага касцюма і яго асаблівасцямі ў кожным рэгіёне, убачылі адноўлены бераставіцкі строй, згулялі ў квэст-гульню з заданнямі па веданні традыцыйнай беларускай вопраткі і ў практычнай частцы вышылі нескладаны ўзор беларускага арнаменту. Для актывістаў БРСМ з Бераставіцкага дзяржаўнага прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя і школы аг. Пагранічны таксама быў арганізаваны музейны занятак па традыцыях Вялікадня.

На 9 Мая падчас сумеснага з Бераставіцкай дзіцячай школай мастацтваў і райкамам БРСМ мерапрыемства “Наследнікі Вялікай Перамогі” музеем была падрыхтавана фотавыстава  “Розныя лёсы – адна Перамога” з партрэтамі землякоў-ветэранаў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах і вярнуліся дадому з узнагародамі. Мэта – выхаванне ў маладога пакалення пачуцця  павагі да баявой доблесці сваіх землякоў, да подзвігу ўсяго беларускага народа.

Інтэрактыўная экскурсія “Падарожжа ў часе” па музейнай экспазіцыі была праведзена для актывістаў БРСМ з аг. Пархімаўцы падчас акцыі “Ноч музеяў”. А ў Міжнародны дзень абароны дзяцей адбыліся майстар-клас і экскурсія па музейнай экспазіцыі для актывістаў БРСМ з ліцэя. Увогуле, мы плануем праводзіць падобныя  мерапрыемствы штомесяц.

На Ваш погляд, што станоўчае для падрастаючага пакалення дае вывучэнне беларускай гісторыі і культуры? 

– Дэвіз цэнтра “Спадчына” гаворыць сам за сябе: “Без мінулага няма будучыні!” Усё, чым мы жывём сёння, з’яўляецца спадчынай, і вельмі шкада, што з часам мы забываем аб традыцыях і звычаях нашых продкаў. Чаму так важна ведаць гістарычныя падзеі і побыт, культурныя традыцыі людзей, якія жылі да нас? Таму што мінулае вучыць нас, як пазбегнуць многіх памылак у будучыні, выхоўвае любоў да Бацькаўшчыны і дазваляе ўсвядоміць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

Гутарыла Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *