Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» прайшоў у Гродне

Актуально Лента новостей

Першы нацыянальны форум «Музеі Беларусі», арганізатарамі якога выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі аблвыканкам, 12-14 кастрычніка праходзіў у гродзенскім цэнтральным спартыўным комплексе «Нёман». У ім прынялі ўдзел больш за 150 музеяў і амаль 800 спецыялістаў з 17 краін свету. Форум быў арганізаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады. Галоўнымі задачамі яго былі пад-трымка музейнай справы ў краіне, стымуляванне творчых ініцыятыў, заахвочванне музейных работнікаў, якія ўнеслі важкі ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцей, а таксама прыцягнуць увагу грамадства да мнагаграннай музейнай дзейнасці.
Акрамя экспазіцый дзяржаўных, ведамасных, прыватных музеяў, а іх у нас у краіне дзейнічае на сённяшні дзень 1914, у гэтым мерапрыемстве актыўна ўдзельнічалі фірмы, якія вырабляюць музейнае абсталяванне, займаюцца турыстычным бізнесам.
Вельмі важна, як падкрэсліў у сваім выступленні падчас адкрыцця форуму міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, што музей адукоўвае грамадзяніна.
— Я хацеў бы падзякаваць нашым супрацоўнікам, што вы адукоўваеце нашу нацыю, — сказаў ён. — Сёння менавіта той дзень, калі мы кажам дзякуй вам, але мы павінны сказаць дзякуй тым, хто выдаткоўвае сродкі, хто дапамагае нам, каб музейная справа ў нашай краіне развівалася.
Павел Латушка падзякаваў замежным гасцям, якія прыехалі на форум і выказаў спадзяванне, што гэты першы праект стане добрай традыцыяй і форум будзе вандраваць па розных гарадах Беларусі кожныя два гады.
Падзяліцца вопытам і азнаёміц-ца з музейнай справай дзеля захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны прыехалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і некаторых музеяў з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Ізраіля, Аўстрыі, Нідэрландаў, Германіі, Славакіі, Украіны і іншых краін.
Задаволены ад удзелу ў форуме дырэктар нашага раённага музея, які пакуль знаходзіцца ў стадыі станаўлення, Аляксандр Галавач і метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны РМЦ НТ Мікалай Пацэнка. Яны не толькі з зацікаўленасцю азнаёміліся з экспазіцыямі музеяў, паслухалі парады калег па арганізацыі музейнай справы, але і актыўна шукалі кантакты з прадстаўнікамі фірмаў, якія вырабляюць музейнае абсталяванне (на здымку ўнізе).
Сяргей Хілюта,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *