«Славянскі базар у Віцебску» – адзін з брэндаў, па якіх нашу краіну пазнаюць ва ўсім свеце. Усе, хто хоць аднойчы адчуў яго незвычайную атмасферу, з нецярпеннем чакаюць гэтага фестывалю, адкладваюць усе свае справы і едуць у Віцебск. Так, напрыклад, кожны год робіць настаўнік мастацкіх дысцыплін Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Втарушын. Яго бачанне фестывалю, які праходзіць на малой радзіме Андрэя Францавіча, заўсёды цікавае.
ХХVІІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” захапіў мяне сваімі шматлікімі выставамі, праектамі, прэзентацыямі. Будынкі музеяў прыцягвалі ўвагу сваімі стракатымі афішамі і рэкламай рарытэтаў. Мой першы візіт – на прэзентацыю выставы аднаго дня пад назвай “Рэпліка Вялікай Імператарскай кароны” ў Мастацкім музеі. Гэты сучасны шэдэўр ювелірнага мастацтва, створаны ў 2012 годзе смаленскімі ювелірамі, сабраў вялікі натоўп людзей, якіх да кароны дапускалі невялікімі групамі. Карона здзіўляе сваімі памерамі і колькасцю дыяментаў. Для стварэння рэплікі працавалі 60 ювеліраў на працягу паўгода, а для стварэння арыгіналу ў 1762 годзе хапіла двух ювеліраў і два месяцы працы.
Прыемна было бачыць у выставачнай зале сярод партрэтаў рускага жывапісу 18-19 ст. вобраз Кацярыны ІІ – заказчыцы Вялікай Імператарскай кароны.
У Мастацкім музеі я таксама наведаў выставу “Растоўская фініфць”, якая прадстаўлена ў Віцебску ўпершыню пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы. Фініфць – старажытна-руская тэхніка мініяцюрнага жывапісу па эмалі і металу. Ужо з 18 ст. гэты мастацкі промысел мае свой цэнтр – Растоў Вялікі (Расія), дзе ў 1918 годзе была адкрыта фабрыка ТАА “Растоўская фініфць”. Яе ўнікальныя і высокамастацкія вырабы атрымалі вядомасць ва ўсім свеце.
У залах Мастацкага музея прадстаўлена больш за 200 экспанатаў: ювелірныя ўпрыгожанні, медальёны, дэкаратыўны посуд, аклады да абразоў, шкатулкі, мініяцюрныя карціны і інш.
Тут я ўбачыў таксама цікавы выставачны праект “Беларусь мая сінявокая. Віцебская валошка-васілёк”, прысвечаны сімвалу Славянскага базара – васільку. Сярод твораў беларускіх мастакоў я ўбачыў акварэлі сваіх настаўнікаў з мастацкага факультэта ВДУ: Фелікса Гуміна, Генадзя Шутава.
Упершыню для Віцебска быў прадстаўлены выставачны праект “Вобраз Аляксандра Неўскага ў мастацтве”, прысвечаны 780-годдзю вянчання князя Аляксандра Неўскага з віцебскай князёўнай Аляксандрай Брачыслаўнай. Сведкам тых падзей у 1239 годзе стала Дабравешчанская царква ў Віцебску, адноўленая ў 1998 годзе. Каля яе сцен нядаўна адкрылі скульптурную кампазіцыю, прысвечаную сям’і князя А. Неўскага. На выставе з Масквы былі прадстаўлены работы сучасных расійскіх мастакоў, дызайнераў і аружэйнікаў. У зале можна было ўбачыць рэканструкцыю княжацкага ўзбраення, гістарычны касцюм і карціны, прысвечаныя князю і яго жонцы Аляксандры Брачыслаўне.
У Мастацкім музеі адкрыта таксама юбілейная выстава, прысвечаная 165-годдзю з дня нараджэння Ю.М. Пэна (1854-1937), заслужанага мастака БССР, заснавальніка мастацкай школы ў Віцебску, майстра партрэта і жанравай карціны.
Абласны краязнаўчы музей у Ратушы прынёс мне асалоду выставай “100 рарытэтаў да 100-годдзя музея”, адкрытай у мінулым годзе. Я нават набыў каталог гэтай выставы, каб бліжэй пазнаёміцца з рарытэтамі віцебскіх музеяў. А ганарыцца ёсць чым! Гэта берасцяная грамата ХІІІ ст. – першая на Беларусі, гадзіннік кішэнны братоў Броннікавых, якія выканалі ўсе яго дэталі з дрэва, слуцкі пояс з меткай майстра Лявона Маджарскага, мініяцюрная Тора 1896 года, калекцыя масонскіх знакаў – адзіная ў Беларусі, лісты і дакументы мастакоў І. Рэпіна, М. Шагала, пісьменнікаў В. Быкава, Я. Баршчэўскага, А. Сапунова і інш.
Яшчэ я пабываў у Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання, якому нядаўна выдзелілі новае зручнае памяшканне. У музеі выстаўлены калекцыі нумізматыкі і фалерыстыкі І. Галькевіча, зброі ХІІІ-ХІХ ст. В. Федароўскага, гліптыка, фарфор, гадзіннікі А. Брадоўскага.
Упершыню на фестывалі прайшоў “Славянскі благавест” – свята праваслаўных царкоўных спеваў ва Успенскім кафедральным саборы. Выступілі пяць царкоўных хароў з Віцебска, Оршы, Маладзечна і Мінска. Аншлаг сабраў мужчынскі хор з мінскага прыхода Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і бязвінна забітых у Айчыне нашай, які спяваў на біс тры разы. А ў ніжняй царкве Праабражэння Гасподняга была адкрыта выстава “Узыходжанне. Царская сям’я”, прысвечаная жыццю і пакутніцкаму подзвігу сям’і імператара Мікалая ІІ.
Мяне, як мастака, заўсёды цікавяць на фестывалі выставы калег і майстроў-рамеснікаў, а таксама упрыгожанне горада Віцебска, якое кожны год радуе новымі малымі архітэктурнымі формамі, кветкавымі кампазіцыямі, інсталяцыямі і арыгінальнымі жывымі статуямі вулічнага тэатра “На сямі вятрах”. Сёлета папулярнасцю ў якасці сэлфі-месцаў карысталіся тапіары ў форме розных фігур, напрыклад раялю і глобуса.
Андрэй Втарушын,
г.п. В. Бераставіца