«Настаўніца першая мая»

Лента новостей

— так могуць з любоўю і пашанай сказаць пра Ніну Аляксандраўну Кулік амаль чатырыста былых яе вучняў – тыя, хто ўслед за ёю некалі ўпершыню нясмела пераступіў цераз парог школы, сеў за парту і адправіўся ў вандроўку па Краіне ведаў. У кожнага з нас у жыцці многа настаўнікаў. Але, згадзіцеся, самы першы займае і ў памяці, і ў сэрцы асобнае месца.

— Напішыце пра нашу Ніну Аляксандраўну, у канцы мая ў яе шаноўны, 80-гадовы, юбілей, — папрасілі і былыя вучні гэтай настаўніцы, і педкалектыў Пагранічнай гімназіі.
Просьба такая не магла не крануць: дваццаць сем гадоў як жанчына на заслужаным адпачынку, а пра яе не проста памятаюць – стараюцца зрабіць ёй прыемнае.
Сапраўды, былых настаўнікаў не бывае. І вось я – у вёсцы Вараны, дзе жыве Ніна Аляксандраўна Кулік. На дзіва цудоўны тут куточак!
Гаспадыня запрашае ў хату. У прасторным светлым пакоі – круглы стол пад абрусам. За яго мы і сядаем, і настаўніца прыносіць акуратны фотаальбом: “Хачу пазнаёміць вас завочна са сваімі вучнямі”.
І мы распачынаем вандроўку па яе педагагічным жыцці. Хаця Ніна Аляксандраўна расказвае якраз не пра сябе, а пра сваіх пачаткоўцаў, такіх слаўных і такіх дарагіх яе сэрцу хлопчыкаў і дзяўчынак, якім упершыню адчыняла школьныя дзверы. І расказвае – успамінае гэтак хорашаю. Я міжволі думаю: як шкада, што яе выхаванцы не чуюць гэтых успамінаў. І, пэўна, нават падазраюць, што якраз тут, у хаце першай настаўніцы, жыве іх дзяцінства.
Самы першы здымак. На ім яе першыя вучні. Па тым, як ажыўляецца і ўвачавідкі маладзее мая субяседніца, разумею: гэта самы дарагі для яе ўспамін.
— Той першы свой уркок помню да драбніц. Ішоў 1954-ы год, пасляваенны, нялёгкі. Я толькі што скончыла педвучылішча ў Гродне і была накіравана на працу ў Цецяроўскую школу. На першым часе не разумела, чаму сярод маіх першакласнікаў гэтулькі пераросткаў. Аказалася, што з тых жа няблізкіх ад школы Рудаўлян бацькі выпраўлялі старэйшае дзіця на вучобу тады, калі да школьнага ўзросту дарасце і малодшае. Так латвей ім было і спакойней за абодвух малых. Пра школьную форму тады не ішло яшчэ і гаворкі, а ранцамі былі торбачкі з кужалю. Драўляныя ручкі (і сёння адну з іх берагу), чарнільніцы-невылівайкі, дзённікі, сшытыя з паперы… Бедным было дзяцінства, што і казаць. Але багатым на другое: вучні так праглі ведаў, так уважліва слухалі настаўніка, стараючыся не прапусціць ніводнага слова! І былі такія ласкавыя, прыхільныя, даверлівыя. Паглядзіце, якой цеснай купкай стаяць каля мяне – ёсць выраз, што настаўніца з’яўляецца другой мамай, дык вось, сама яшчэ дзяўчынка, адчувала сябе са сваімі вучнямі менавіта так.
Гартаем фотаальбом далей. Што ні старонка – то новы выпуск. Колькі ж іх усіх?
— Пятнаццаць у мяне было выпускаў чацвёртакласнікаў, — кажа Ніна Аляксандраўна, быццам адгадаўшы мае думкі.
… Мяняецца час, а з ім і знешні выгляд школьнікаў: яны ўжо ў белых фартухах, з вялікімі бантамі ў валасах.
— А вось мае самыя актыўныя, самыя ініцыятыўныя вучні, — паказвае Ніна Аляксандраўна на здымак 1969-га года. – Ці паверыце? Рашылі мы з імі дабіцца перамогі ў рэспубліканскай гульні “Октябрята по стране Октября”. Трэба было бачыць, як усе стараліся: вывучалі гісторыю радзімы і роднага краю, запісвалі ўспаміны ветэранаў вайны і працы, рыхтавалі канцэрты! І што думаеце? Занялі першае месца! Колькі радасці было, колькі гонару.
Настаўніца ўглядваецца ў твары дзяцей на ўсё новых фотаздымках – тут ужо дзеці яе былых вучняў, а там – і ўнукі, праўнукі… А я, між іншым, ведаю: былыя вучні Ніны Аляксандраўны хацелі аддаць сваіх дзяцей менавіта ў яе клас. Бо памяталі, наколькі яна чулая, як умее заўсёды правільна ацаніць сітуацыю і зразумець душу дзіцяці. У класе заўжды стаяла плённая цішыня, хоць настаўніца не павышала голасу, не зрывалася на крык.
Мы разглядваем фотаздымкі і гутарым з Нінай Аляксандраўнай. Пра яе вучняў, аднымі з якіх яна ганарыцца, другіх шкадуе – не вельмі пашанцавала ім у жыцці. Але ўсіх яна любіць, бо не толькі вучыла чытаць, пісаць, лічыць, але выхоўвала, жыла іх дзіцячым жыццём. Прыемна ёй, што многія сталі настаўнікамі: Алена Сакалоўская, Раіса Таропчанка, Людміла Горынава, Алена Вінеўская. Уладзімір Лукавоз, які, дарэчы, працуе ў роднай Пагранічнай гімназіі і многія іншыя. Анжэліка Ржэцкая – выхавальніца ў мясцовым дзіцячым садзе, Алена Яроцкая – загадчыца Вялікабераставічкага ясляў-сада. Ваеннымі сталі Мікалай Данько, Уладзімір Цітко, Раман Навумовіч, а Саша Кухарчык – зубны доктар… Вельмі многія яе вучні засталіся ў роднай мясцовасці, і яна сочыць за іх жыццём, іх поспехамі. Скажам, Саша Лёнін стаў выдатным механізатарам, адным з лепшых камбайнёраў раёна, і гэта не можа не радаваць настаўніцу.
З Нінай Аляксандраўнай з павагай вітаюцца на вуліцы, у мясцовых магазінах, установах. Яна жыве сярод сваіх вучняў, і гэта таксама прыдае сіл і здароў’я.
На здымках: Н.А.Кулік і настаўніца са сваімі  вучнямі.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *