У гімназіі аг.Пагранічны Ілья ЗАПАСНІК (на здымку) працуе ўсяго толькі першы год, але паспеў ужо зарэкамендаваць сябе з самага найлепшага боку. Родам з горада Баранавічы, юнак воляю лёсу трапіў на Бераставіччыну — атрымаў сюды размеркаванне пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. У гімназіі педагог выкладае англійскую і нямецкую мовы, якімі, па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людмілы Турок, валодае на высокім ўзроўні.
Каб зацікавіць вучняў сваім прадметам, Ілья актыўна выкарыстоўвае ў навучанні тэхнічныя сродкі (камп’ютары, ноўтбук і праектар), у вольны ад заняткаў час рыхтуе медыяпрэзентацыі, якія таксама дапамагаюць вучням засвоіць вывучаемы матэрыял і робяць больш разнастайным вучэбны працэс. Перавага маладога настаўніка ў тым, што ён выдатна валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі і не баіцца прымяняць іх у выкладанні. У яго планах — арганізацыя дыстанцыйнага навучання з дапамогай Інтэрнэту, і ўжо зараз Ілья робіць першыя спробы выкарыстоўваць “сусветную павуціну” — матэрыялы для дадаковых заняткаў вучні атрымліваюць праз Інтэрнэт.
Кажуць, што лепшы паказчык работы настаўніка — гэта поспехі яго вучняў. Так, у гэтым годзе настаўнік, кіруючы лінгвістычнай секцыяй навуковага таварыства гімназіі, рыхтаваў да ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі дзевяцікласніцу Вікторыю Кацяк. Дзяўчынка паспяхова выступіла са сваёй работай “Людзі краіны, якую я вывучаю” на адкрытай канферэнцыі ў Мастах і была ўдастоена дыплома ІІІ ступені. Акрамя таго, вучаніца стала прызёрам раённай алімпіяды па нямецкай мове.
Дырэктар гімназіі Іна Кергет станоўча адзываецца аб Ільі:
— Гэта вельмі перспектыўны юнак, таму што ў ім спалучаюцца стараннасць і кемлівасць. Ён вельмі многа часу ўдзяляе падрыхтоўцы да заняткаў і ўлічвае слушныя заўвагі старэйшых калег па працы. Да таго ж, Ілья не пазбягае ўдзелу ў грамадскім жыцці гімназіі і раёна: свае творчыя схільнасці (а юнак добрае іграе на гітары) ён праяўляў на раённым святкаванні Дня настаўніка, справаздачна-выбарчым сходзе ў мясцовым СВК, быў вядучым і арганізатарам школьнага канцэрта, прымеркаванага да дня 8 Сакавіка.
Яе падтрымлівае і намеснік дырэктара Людміла Турок:
— Ілья ўмее знайсці падыход да вучняў. У “Школе маладога настаўніка”, якая дзейнічае ў нашым раёне, ён ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства, у прыватнасці, па складанні метадычных напрацовак.
Відавочна, што малады настаўнік зацікаўлены ў сваім “росце” і да справы падыходзіць не абыякава…
Вікторыя Дзержановіч