9 лютага настаўнікі школ раёна трымалі сапраўдны экзамен— у Малабераставіцкай школе адбыўся фінал раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.
У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 9 чалавек. На фінальным мерапрыемстве ў сераду яны прадставілі на суд журы свае самапрэзентацыі, адукацыйна-выхаваўчыя праекты, а таксама прадэманстравалі свет сваіх захапленняў. Дарэчы, ацэньваілі канкурсантаў начальніка аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама Т.М.Аксаміт, загадчык раённага вучэба-метадычнага кабінета Т.І.Ганчарык, дырэктар Малабераставіцкай школы В.Р. Кісялеўская і інш.
Фінальнай сустрэчы ўсіх канкурсантаў папярэднічала правядзенне ўрока ў незнаёмым класе на базе Вялікабераставіцкай школы і гімназіі пасёлка Пагранічны, а таксама відэаўрока — у сваім класе.
У намінацыі “Педагагічны дэбют” была адзначана самая маладая ўдзельніца конкурсу — настаўнік матэматыкі з Алекшыцкай школы Ганны Іосіфаўна Станеўская. Толькі ў мінулым годзе яна атрымала ўніверсітэцкае размеркаванне, і вось ужо зараз выступае са сваім праектам нараўне з больш вопытнымі калегамі па цэху.
За крэатыўны падыход ў намінацыі “Мужчынская педагогіка” быў адзначаны адзіны канкурсант-мужчына — настаўнік англійскай мовы з Вялікабераставіцкай школы Павел Казіміравіч Каржанеўскі.
Ганаровае першае месца заняла настаўніца пачатковых класаў Масалянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Галіна Мікалаеўна Козел. Цяпер яе чакае падрыхтоўка да ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.
Звяртаючыся да канкурсантаў і прысутных, Т.М. Аксаміт адзначыла, што таленавіты настаўнік павінен быць шматбакова развітай асобай. І менавіта гэтую думку як мага лепш пацвердзілі на конкурсе настаўнікі, вучням якіх можна толькі пазайздросціць!
На здымках: лідары конкурсу (справа налева): настаўніца пачатковых класаў Масалянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Г.М.Козел, настаўніца рускай мовы і літаратуры Канюхоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы М.М.Коўшык, настаўніца пачатковых класаў гімназіі пасёлка Пагранічны А.А.Дубовік; удзельнікі конкурсу.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ, фота аўтара