На змену адной важнай сельскагаспадарчай кампаніі прыйшла другая – не менш важная – сяўба азімых. Аб тым, як падрыхтаваліся да яе, наша гутарка з начальнікам Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццянай Жыўлюк:
— Для сяўбы азімых у гэтым годзе гаспадаркам раёна неабходна 2290 тон насення. Рапсу было патрэбна 14,7 тоны. Азімай пшаніцы патрабуецца 691 тона, азімага трыцікале – 1569 тон, азімага ячменю – 30 тон.
— Таццяна Уладзіміраўна, колькі на сённяшні дзень (на 15 жніўня) праверана насення?
— Праверана 1100 тон насення, або 48 працэнтаў ад той колькасці, якая патрабуецца нашым аграрыям. Узяты пробы з 880 тон, вызначана, што з іх 684 даведзены да пасяўной кандыцыі і адпавядаюць стандартам. Некандыцыйнага насення выяўлена 196 тон, яно патрабуе дапрацоўкі.
— А як яго дапрацоўваюць?
— На спецыяльнай лініі па дапрацоўцы зерня яго трэба прапусціць другі раз. Напрыклад, пабітае або паломанае зерне праваліцца праз спецыяльнае сіта, а добрае застанецца. Калі пакінуць усё, як ёсць, і пасеяць няякасным насеннем, яно папросту не ўсё ўзыдзе.
— Каго можна пахваліць за добрую работу?
— З года ў год з самага лепшага боку паказваюць сябе СВК імя Варанецкага, “Пархімаўцы”, “Цецяроўка”. А “Малабераставіцкі элітгас” падрыхтаваў для рэалізацыі 106 тон насення азімага рапсу і 90 тон ужо прадаў, падрыхтаваны таксама 930 тон азімага трыцікале і праверана ў інспекцыі 571. Самыя добрыя словы мне хочацца сказаць у адрас аграномаў- насенняводаў з СВК імя Варанецкага Вольгі Талочка, з СВК “Пархімаўцы” Вольгі Гурской, з СВК “Цецяроўка” Аляксея Ціханава.
— Магчыма, ёсць каго і пакрытыкаваць?
— На жаль, у СВП “АграМір” пакуль не прыступілі да падрыхтоўкі насення азімых культур.
Ніна Наддэ