Ад таго, ці ў дастатку нарыхтуюць сёлета якасных кармоў, залежыць далейшае развіццё жывёлагадоўлі ў краіне. І так у гэтым годзе ўжо дапушчана зніжэнне валавой вытворчасці малака ў рэспубліцы, і гэта не ўлічваючы яго якасць. Увядзенне ў эксплуатацыю шматлікіх новых малочнатаварных комплексаў у рэспубліцы таксама не зрушыла праблему з месца, хаця на іх будаўніцтва былі выдаткаваны велізарныя сродкі. Да таго ж няўстойлівае дажджлівае надвор’е ў маі дадало турбот нашым аграрыям.
Нядаўна ў Гродне адбылася сумесная нарада з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама і Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці. Канстатавалася, што на Гродзеншчыне першы ўкос траў у многіх раёнах вядзецца са спазненнем, а ўсяго трэба ўбраць 218 тысяч гектараў. Намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Аляксандр Вайцяховіч адзначыў, што травы перастойваюць, а сенажу нарыхтоўваецца недастаткова. Харчовая каштоўнасць такіх пераспелых траў моцна зніжаецца, таму трэба прыкласці ўсе намаганні, каб тэрмінова зрабіць усё, што магчыма.
У нашым раёне, каб не было “сюрпрызаў надвор’я”, першы ўкос ўжо завяршыўся б. На другую палову касавіцы перайшлі блізкія да яе заканчэння працаўнікі РУСП “Масаляны”, інтэнсіўна вядуцца работы ў СВК “Цецяроўка” і аграфірме “Стары Дворац”.
У СВК “Цецяроўка” першым укосам трэба ўбраць 1026 гектараў каштоўных траў. Гэта злакавыя, люцэрна і канюшына. Структура аптымальная, травы вызначаюцца высокім утрыманнем бялку і вітамінаў. На “зялёным жніве” працуюць з васьмі гадзін ранку і да васьмі вечара 4 касілкі. Заняты на іх адказныя механізатары Алег Дзегцяроў, Мікалай Гардзейка, Пётр Журавенка і Віктар Гарбуз. З граблямі працуюць Аляксандр Раманчук, Васіль Царанкоў і Мікалай Чыжэўскі. За штурвалам двух магутных кормаўборачных “Джон Дзіраў” знаходзяцца Іван Альцывановіч і Віктар Ярмолік. Сенажу трэба нарыхтаваць 16700 тон, сена – 1050 тон. На сена ідуць злакавыя. Сенажу закладзена ўжо дзве траншэі, якасць кармоў добрая. На трамбоўцы працуюць Віктар Трахімік, Барыс Савіцкі, Віталій Гульнік, Аляксандр Будніцкі, Уладзімір Рагун. Трамбоўка вядзецца кругласутачна.
“Зялёны канвеер” працуе зладжана.
Ніна Наддэ