Нарада ветурачоў гаспадарак Бераставіччыны прайшла нядаўна ў райветстанцыі

Лента новостей

IMG_7125 IMG_7129На варце здароўя не толькі жывёлы, але і чалавека стаіць ветэрынарная служба. Без пастаяннай пільнасці і добрасумленнасці прадстаўнікоў гэтай высакароднай прафесіі немагчыма падтрыманне спрыяльнай эпізаатычнай сітуацыі ў раёне і краіне, выпуск якаснай сыравіны. Чарговая традыцыйная нарада ветурачоў гаспадарак Бераставіччыны прайшла нядаўна ў райветстанцыі. Канструктыўная змястоўная гутарка была прысвечана падвядзенню вынікаў работы за ліпень і за 7 месяцаў гэтага года.

У нашым раёне добра разві­ваецца жывёлагадоўля. Безумоўна, у кожным напрамку дзейнасці ёсць свае цяжкасці і праблемы. У аграрным сектары ў людзей – сапраўды нялёгкі хлеб. Мы ўсе ведаем, як няпроста даглядаць хатнюю жывёлу. А пры вядзенні вытворчасці ў калектыўных гаспадарках аб’ём работы значны, расслабляцца тут нельга. Нездарма адной з актуальных праблем, якая пастаянна знаходзіцца ў полі зроку аграрыяў, з’яўляецца належная прафілактыка афрыканскай чумы свіней. І насельніцтва, і працаўнікі сельскай гаспадаркі павінны разам прыняць эфектыўныя меры для папярэджання гэтага смяротнага захворвання жывёлы. У суседніх краінах зараз вельмі неспрыяльная сітуацыя. На жывёлагадоўчых аб’ектах павінны захоўвацца строгія меры біялагічнай абароны, а працаўнікам неабходна выконваць правілы бяспекі. Напрыклад, людзям нельга прыносіць з дома сваю ежу на аб’ект, а пры наведванні лясоў кожны раз варта надаваць увагу прафілактыцы. Не сакрэт, што дзікі разносяць афрыканскую чуму, папуляцыі іх у суседніх краінах у апошнія гады не змяншаюцца, што пагаршае сітуацыю. Выключна ад нашай уважлівасці, добрасумленнасці і пільнасці залежыць належная прафілактыка гэтага небяспечнага захворвання жывёлы, якое можа прынесці эканоміцы краіны вялікія страты.
Вялася гутарка ў час нарады і пра вузялковы вірусны дэрматыт буйной рагатай жывёлы, які распаўсюджваецца паветрана-капельным шляхам. Ад гэтага захворвання няма спецыяльных сродкаў, няма вакцыны, а ў Расійскай Федэрацыі яно зарэгістравана ўжо ў 11-ці абласцях. Менавіта на ветэрынарную службу разам з аграрыямі ўскладваецца вялікая адказнасць за папярэджанне такіх небяспечных захворванняў, не павінна заставацца ў баку і насельніцтва. Прысутнасць на жывёлагадоўчых аб’ектах пабочных асоб не дапускаецца.
Захаванасць пагалоўя жывёлы, меры па недапушчэнні невытворчага выбыцця таксама застаюцца на кантролі ветэрынарнай службы Бераставіччыны. Галоўны ветурач раёна Аляксандр Баброў адзначыў, што агульная карціна ў нас лепшая, чым па вобласці. Напрыклад, невытворчае выбыццё цялят і маладняку вагой да 100 кілаграмаў у сельгаскааператывах Гродзеншчыны – каля 6-ці працэнтаў, а ў нас – 5 працэнтаў, што адпавядае норме. Добрая і захаванасць буйной рагатай жывёлы на адкорме ў СВК “Алекшыцы” – 0,3 працэнта невытворчага выбыцця. Па вобласці такі паказчык, на жаль, удвая большы.
Задача павелічэння выпуску прадукцыі жывёлагадоўлі ў апошнія гады значна ўскладнілася. Можна шмат разважаць пра розныя перавагі ранейшых невялікіх ферм, калі каровы пасвіліся на свежым паветры, многа рухаліся, але адзіны сучасны падыход у рэспубліцы – менавіта скарачэнне выдаткаў і інтэнсіфікацыя вытворчасці. Добры догляд і збалансаванае кармленне жывёлы, яе належнае ветэрынарнае абслугоўванне з’яўляюцца залогам павышэння эфектыўнасці працы аграрыяў. У гэтым зацікаўлена кожная гаспадарка. Вытворчасць малака выгадная, а патрабаванні да якасці ўсё ўзрастаюць. Атрымліваць “экстру” няпроста, але тыя вытворцы, якія робяць на гэта стаўку, сапраўды ідуць у нагу з часам.
Пабываўшы ў чарговы раз на сустрэчы ветэрынараў раёна, мне яшчэ раз давялося ўпэўніцца, якая нялёгкая ў іх работа. Пажадаем прадстаўнікам гэтай высакароднай прафесіі цярпення, мужнасці і ўдачы ў іх поўных клопатамі буднях. У тым, што абстаноўка кантралюецца, а на нашым стале бяспечная для здароўя дзяцей і дарослых прадукцыя, ёсць і іх важкі ўклад.
На здымках: намеснік на­чальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Дзмітрый Пракопік і галоўны ветурач раёна Аляксандр Баброў; падчас правядзення нарады.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *