Лета – гэта не толькі перыяд аздараўлення і адпачынку. Многія маладыя людзі разлічваюць правесці час канікул з максімальнай карысцю, адчуць сябе больш самастойнымі і зарабіць свае ўласныя грошы. Такую магчымасць ім дасць праца ў студэнцкіх атрадах, вучнёўскіх брыгадах, лагерах працы і адпачынку, а таксама індывідуальнае працаўладкаванне на перыяд летняга адпачынку.
Да летніх канікул застаецца ўжо не так многа часу, і каб даведацца, як ідзе падрыхтоўка да працоўнага семестра, я звярнулася да тых, хто непасрэдна займаецца арганізацыяй другаснай занятасці моладзі.
Аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ўжо вядзе актыўную работу па пошуку працоўных месцаў для арганізацыі другаснай занятасці моладзі. Як паведаміла начальнік аддзела Ірына Васільева, ужо з 15 мая прыступіць да працы першая вучнёўская брыгада ў колькасці сямі чалавек, якая будзе працаваць на добраўпарадкаванні аддзялення кругласутачнага прабывання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў у аг.Алекшыцы.
У летні перыяд будзе арганізавана праца яшчэ чатырох вучнёўскіх брыгад, фінансуемых са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Ужо заключаны дагаворы на работу брыгад на базе Массалянскага ясляў-сада-БШ (17 чалавек), Макараўскага ясляў-сада-СШ (10 чалавек), Канюхоўскага ясляў-сада-СШ (13 чалавек) і Алекшыцкай СШ (10 чалавек). Школьнікі, занятыя ў гэтых брыгадах, будуць працаваць на добраўпарадкаванні тэрыторыі сваёй установы адукацыі і падрыхтоўцы яе да новага навучальнага года.
Што датычыцца індывідуальнага працаўладкавання моладзі, адзначыла Ірына Алегаўна, то ёсць і такая магчымасць. Некаторыя арганізацыі і прадпрыемствы раёна гатовы прыняць школьнікаў і студэнтаў на час летніх канікул. Напрыклад, ААТ “Бераставіцкая ПМК-141” можа працаўладкаваць паўналетніх маладых людзей на падсобныя работы, Бераставіцкі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва – у цэх жалеза-бетонных вырабаў. Бераставіцкі філіял аблспажыўтаварыства прапануе вакансіі прадаўцоў на вынасным гандалі, на падмене водпускаў прадаўцоў, аператараў ЭВМ, прыбіральшчыкаў службовых памяшканняў. Праўда, на ўсе гэтыя вакансіі, за выключэннем прыбіральшчыкаў службовых памяшканняў, таксама патрабуюцца маладыя людзі, якім ужо споўнілася 18 гадоў.
Непаўналетнія падлеткі могуць знайсці працу ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, пераважна гэта відавая праполка, а таксама работа ў садзе (СВП “АграМір”). На ўборку зерневых і работу на зернетаках будуць прымаць толькі паўналетніх маладых людзей.
Для школьнікаў ёсць магчымасць летам папрацаваць у лагерах працы і адпачынку. Па словах метадыста аддзела адукацыі райвыканкама Інесы Сайко, такія лагеры карыстаюцца папулярнасцю ў падлеткаў, маладыя людзі ў іх не толькі працуюць і зарабляюць грошы, але і праходзяць аздараўленне. Гэтым летам будзе дзейнічаць два лагеры працы і адпачынку – на базе Малабераставіцкай СШ і гімназіі аг.Пагранічны. Па дваццаць чалавек у кожным лагеры будуць працаваць на палетках СВК “Малабераставіцкі элітгас” і “Цецяроўка”.
Займаецца арганізацыяй другаснай занятасці моладзі і раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Як расказала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Ірына Крывапляс, ужо заключаны дагавор на працу педагагічнага атрада ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі” на першую змену ў колькасці 15 чалавек, плануецца таксама, што педагагічны атрад будзе дзейнічаць і падчас другой і трэцяй змены.
Цяпер у раённым камітэце БРСМ вядзецца рэгістрацыя жадаючых знайсці працу на час летніх канікул, маладыя людзі могуць таксама звяртацца ў аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама або прама да наймальнікаў у тыя арганізацыі, дзе чакаюць моладзь.
Ірына Міклаш