Стаўку на вытворчасць малака і мяса аграрыі робяць нездарма. Жывёлагадоўля — гэта перспектыўная галіна сельскай гаспадаркі, якая дапамагае нашай краіне павялічыць экспарт, што вельмі важна для ўмацавання эканомікі рэспублікі. Укараненне новых тэхналогій дае свой плён. Перадавому вопыту, а таксама вынікам работы гаспадарак за першае паўгоддзе і далейшай перспектыве быў прысвечаны нядаўна раённы семінар, які адбыўся на базе СВК “Алекшыцы”.
Тут ёсць чаму павучыцца. Адзіныя ў раёне вытворцы, якія надаюць такую ўвагу мясной жывёлагадоўлі, дастойна выглядаюць на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Комплекс па дарошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы неаднаразова быў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва. На ферме “Малыя Эйсманты” зараз утрымліваецца 80 мясных кароў. Цяляты ад іх пойдуць на комплекс, а тыя, што нарадзіліся ў мінулым го-дзе, ужо там адкормліваюцца. А ўвогуле, у гаспадарцы пастараліся, каб папоўніць гэты комплекс. Цялят купілі ад насель-ніцтва 113, у гаспадарках раёна — 381 і 1128 – у іншых раёнах. Сярэдняя вага купленага цяляці была 86 кілаграмаў. Зараз на комплексе ўтрымліваецца ўсяго 4726 галоў, з іх адкормачнае пагалоўе складае 2888. За 6 месяцаў гэтага года атрымана 863 тоны валавой прывагі, а сярэднясутачная па комплексу дасягнула 1 кілаграма 21 грама. Валавой прывагі на адкорме атрымалі 588 тон пры сярэднясутачнай – 1 кілаграм 126 грамаў (плюс 4 грамы). Гэта добрыя паказчыкі. А сярэдняя вага адной галавы буйной рагатай жывёлы, прададзенай дзяржаве, склала 569 кілаграмаў. Начальнік комплексу Норберт Малецкі і яго калектыў прыкладваюць усе намаганні, каб вытворчасць стабільна развівалася. Тут парадак, прыгожая тэрыторыя, цвітуць кветкі, для людзей створаны належныя бытавыя ўмовы.
Пэўныя поспехі дасягнуты і ў малочнай жывёлагадоўлі. Валавы надой на малочнатаварным комплексе “Алекшыцы”, дзе ўтрымліваецца 660 малочных кароў, за першае паўгоддзе дасягнуў 2495 тон, з якіх у цэху вытворчасці малака –2108 і ў цэху раздою ( што знаходзіцца на ферме “Жукевічы”) – 387. У параўнанні з такім жа перыядам мінулага года рост склаў 15%. Вышэйшым гатункам здадзена 92,1%, “экстрай” – 0,8% ( МТК “Алекшыцы” і ферма “Жукевічы”). Атрымалі на гэтых двух аб’ектах 476 цялят.
Пасля практычнай часткі семінара адбыўся абмен думкамі і падвядзенне вынікаў работы. Гутарка вялася пра высокую культуру вядзення жывёлагадоўлі і добрую базу ў СВК “Алекшыцы”, а таксама магчымасці далейшага росту. Атрымліваць больш малака гатункам “экстра” – пасільная задача для гэтай гаспадаркі, а таксама для іншых у раёне.
На здымку: начальнік малочнатаварнага комплексу “Алекшыцы” Наталля Трахімчык з працаўнікамі.
Ніна Наддэ,
фота аўтара