Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Святлана Кулікоўская рэалізавала сябе ў працы і ў сям’і

Лента новостей

Сёння, бадай, няма той сферы, дзе не змаглі б сябе рэалізаваць жанчыны. І калі некаторыя галіны прафесійнай дзейнасці прыгожая палова чалавецтва толькі пачынае асвойваць, то сфера адукацыі належыць да тых, дзе большасць працаўнікоў традыцыйна складаюць жанчыны. Магчыма, гэта і невыпадкова, бо менавіта праца з дзецьмі дае магчымасць жанчыне рэалізаваць усё тое, што закладзена ў ёй самой прыродай — быць жанчынай-маці, выхавальніцай новага пакалення. А гэта ва ўсе часы святое прызначэнне жанчыны.
Так лічыць і Святлана Кулікоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы. З самага дзяцінства яна марыла стаць настаўніцай, такой, як яе першая настаўніца Зінаіда Іванаўна Конік, якая вучыла яе ў свой час у Старадварэцкай базавай школе. Таму і не шукала для сябе Святлана Сяргееўна іншых шляхоў, а пайшла менавіта па гэтым, настаўніцкім. Спачатку закончыла Ваўкавы­скае педвучылішча па спецыяльнасці “настаўнік пачатковых класаў” і была накіравана на працу ў Вялікаэйсмантаўскую сярэднюю школу. Затым адразу паступіла на завочнае навучанне ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы на факультэт біялогіі.
У Вялікіх Эйсмантах яна так і засталася: выйшла замуж, зараз у іх сям’і падрастаюць два сыны: старэйшы, васьмікласнік Жэня, і малодшы Міша, які ў гэтым годзе толькі пойдзе ў першы клас.
Святлана Сяргееўна лю­біць сваю працу і лічыць самым важным у ёй адносіны з дзецьмі. Яна падкрэслівае, што з імі яна адчувае сябе заўсёды маладой, яны стымулююць яе не спыняцца на месцы, ісці наперад.
Ужо чатыры гады яна працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, але адзначае, што настаўніцтва ўсё-такі ёй бліжэй.
Як настаўнік біялогіі Святлана Кулікоўская стала пераможцай раённага этапу конкурсу “Настаўнік года – 2014”, удзельнічала ў абласным этапе. Мае ўзнагароды раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Але не ўзнагароды даюць задавальненне ў працы, падкрэслівае Святлана Сяргееўна, а любоў дзяцей, іх адкрытасць і жаданне вучыцца і пазнаваць нешта новае.
— Магу сказаць, што мара аб прафесійнай дзейнасці ў мяне поўнасцю споўнілася, — усміхаецца Святлана Кулікоўская. – Вельмі прыемна, калі дзеці сустракаюць цябе з радасцю, абдымаюць, асабліва гэта праяўляецца ў нефармальнай абстаноўцы, напрыклад, у час летняга адпачынку ў лагеры. Тады сапраўды адчуваеш, што ты на сваім месцы. Тым больш, мне падабаецца наш педагагічны калектыў, мне камфортна тут працаваць сярод калег-аднадумцаў.
Ну а сваё жаночае шчасце Святлана Сяргееўна бачыць у сям’і, хоча, каб заўсёды здаровымі былі дзеці, каб побач знаходзіліся родныя і блізкія людзі. Вельмі цесная сувязь у яе са сваімі бацькамі – Галінай Васільеўнай і Сяргеем Аляк­сан­дравічам Дзярнейкамі, якія жывуць у Старым Дворцы. Кожнае свята і сямейная ўрачыстасць у іх праходзіць абавязкова разам.
У вольны час Святлана Сяргееўна любіць чытаць, кніга для яе – найлепшы адпачынак, а нядаўна з’явілася яшчэ адно хобі — пачала вязаць, і цяпер падарункі для сваіх любімых мужчын робіць уласнымі рукамі.
А яны, у сваю чаргу, таксама імкнуцца радаваць каханую жонку і маму, рыхтуюць ёй прыемныя сюрпрызы, якія заўсёды падносяцца ад сэрца і з вялікай любоўю.

Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *