«Заўтрашні дзень выбіраем разам»
У Канюхоўскай інтэграванай сельскай бібліятэцы для юных чытачоў было падрыхтавана слайд-дасье пад назвай «Заўтрашні дзень выбіраем разам». Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як праходзяць выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, што такое «парламент» і для чаго ён існуе, хто ў яго ўваходзіць і хто можа быць абраны дэпутатам.
Дзень здароўя ў Лішках
Дзень здароўя «Мяняем цыгарэту на цукерку» прайшоў у Лішкаўскай сельскай бібліятэцы. Сёння тэма падтрымання здаровага ладу жыцця актуальная і тычыцца і дзяцей, і дарослых. Часта менавіта дарослыя са сваімі шкоднымі звычкамі служаць дзецям дрэнным прыкладам для пераймання. Зыходзячы з гэтай пазіцыі, у бібліятэку былі запрошаны не толькі дзеці і падлеткі, але і дарослыя.
Перад удзельнікамі сустрэчы выступіў ўчастковы РАУС Андрэй Красоўскі. У ходзе мерапрыемства адбыўся так званы «суд» над цыгарэтай. Быў вынесены сімвалічны «прысуд»: выгнаць такую шкодную звычку, як курэнне, з жыцця чалавека, а ўзамен прапанаваць спорт і культурныя мерапрыемствы.
Краязнаўчае падарожжа ў Старым Дворцы
У Старадварэцкай сельскай бібліятэцы прайшло краязнаўчае падарожжа пад назвай «Зямля бацькоў – адвечны запавет». Удзельнікамі мерапрыемства сталі дзеці Старадварэцкага дзіцячага сада. У ходзе падарожжа маленькія чытачы даведаліся шмат цікавага і пазнавальнага пра свой родны край, пра прыроду, жыхароў лясоў і рэк. Дзеці з вялікай ахвотай удзельнічалі у віктарыне, адказвалі на пытанні і дзяліліся сваімі ўражаннямі.
Святлана Ганчарова